З'явіліся бактэрыі, якія забіваюць людзей за два дні. Будзе яшчэ адна пандэмія?

Для прафілактыкі самае галоўнае — мыць рукі. Як заўсёды

Для прафілактыкі самае галоўнае — мыць рукі. Як заўсёды / pixabay

Драпежныя бактэрыі, здольныя забіць чалавека за два дні, распаўсюджваюцца па Японіі, піша Bloomberg. Ці можа гэта стаць новай пандэміяй?

Да пачатку лета ў Японіі зарэгістравалі 977 выпадкаў сіндрому стрэптакокавага таксічнага шоку, які развіваецца з-за незвычайных паводзінаў бактэрый стрэптакока А. Да гэтага японцы думалі, што ўжо дасягнулі рэкорду ў мінулым годзе — тады быў 941 выпадак.

 

Гэта нейкая новая бактэрыя?

Не, у самой бактэрыі няма нічога незвычайнага. Ад 5% да 20% дарослых людзей хварэюць бессімптомна на інфекцыі, выкліканыя стрэптакокам. Але гэтая бактэрыя можа выклікаць і вельмі сур'ёзныя захворванні: ад танзіліту да шкарлятыны і пнеўманіі.

А ў некаторых цяжкіх выпадках бактэрыі стрэптакока могуць пранікаць у парэзы і ранкі, а адтуль — заглыбляцца ў мяккія тканкі і мышцы. І тады яны выклікаюць некратворны фасцыіт, які называюць страшнымі словамі "драпежная хвароба". І вось гэта захворванне якраз распаўсюджваецца па Японіі рэкорднымі тэмпамі.

У цэлым такой катастрофы, як у загалоўках жоўтых СМІ пра "смяротныя драпежныя бактэрыі", няма. Бактэрыя вядомая навукоўцам, і ёсць сродкі, каб з ёй змагацца.

 

Сімптомы

Усё пачынаецца з гарачкі ці мышачных боляў, потым падае крывяны ціск. На працягу двух сутак можа пачацца септычны шок. Пацыентам трэба хуткае своечасовае лячэнне антыбіётыкамі.

Большасць выпадкаў заражэння прыпадае на дарослых, старэйшых за 30 гадоў. Узровень смяротнасці вагаецца ў раёне 30%, піша мясцовае выданне "Асахі Сімбун".

Стрэптакок і раней быў агрэсіўным, але праз абмежаванні, накладзеныя ў сувязі з кавідам, заражэнняў стала менш. А калі абмежаванні знялі, стрэптакок актывізаваўся. Напрыклад, у снежні 2022 года СААЗ выпусціла папярэджанне, звязанае з усплёскам інфекцый, выкліканых менавіта гэтай бактэрыяй.

А ў Японіі якраз нядаўна цалкам скасавалі абмежаванні, якія ўводзілі падчас кавіду.

Што рабіць, каб засцерагчы сябе ад гэтай новай (старой) агрэсіўнай бактэрыі? Усё проста: мыйце рукі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі