10-15% турыстаў здымаюцца з рэйсаў з Беларусі ў Егіпет праз COVID-19
Беларусаў, якія выязджаюць адпачываць за мяжу, стала ў чатыры разы менш / Еўрарадыё
Па сацсетках гуляе скрыншот пра тое, як са 150 турыстаў, якія збіраліся з Мінска ў Хургаду на адпачынак, 130 не прайшлі тэст на COVID-19 і нікуды не паляцелі.
— А гэта ж былі людзі, якія нармальна сябе адчувалі і марылі пра мора і гарачы пляж, — заключае аўтар паста.
ПЛР-тэст на каранавірус трэба прайсці не раней, чым за 72 гадзіны да вылету ў іншую краіну. Беларускія тураператары кажуць, што пасажыры, якія разлічваюць адпачыць у цёплых краінах, сапраўды часта не трапляюць у самалёты праз станоўчыя тэсты. Але ўсё не так драматычна, як у гэтым паведамленні.
10-15% турыстаў здымаюцца з рэйсаў
— Тое, што выяўляюцца станоўчыя выпадкі, — гэта сто адсоткаў, — кажа кіраўнік Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый і кіраўнік туркампаніі "Тайм Ваяж" Руслан Сегенюк. — Мы па Егіпце выступаем толькі як агент. Магу на падставе звестак ад калег абагульніць, што 10-15% турыстаў здымаюцца з рэйсаў з COVID-19.
— Складана сказаць, у колькіх кліентаў аказваецца каранавірус. У нас у прынцыпе продажы вельмі моцна ўпалі. Па інфармацыі ад калег ведаю, што такое досыць часта адбываецца, — дадае дырэктар турыстычнай кампаніі "Экатур-6" Ігар Баран.
Па словах Руслана Сегенюка, калі летась у Беларусі выязных турыстаў было 900 тысяч, то сёлета можна разлічваць толькі на 200-250 тысяч.
У "ВІП-ТУРС" таксама гавораць пра моцнае зніжэнне абаротаў. З каранавіруснай інфекцыяй звычайна аказваецца каля 30% іх кліентаў.
— У месяц мы адпраўляем за мяжу 15-20 чалавек. Мы арганізоўваем кліентам здачу тэстаў. Магчыма, дзесьці людзі робяць іх самі і дапускаюць памылку: здаюць не ПЛР, а кроў — гэтага недастаткова, таму ўзнікаюць складанасці з вылетам, — кажа кіраўнік "ВІП-ТУРС" Галіна Краўчанка.
Як адзначае тураператар "Ростынг", са 120 чалавек, якія хочуць паляцець у Егіпет, можа аказацца чатыры з каранавірусам:
— Бывае больш — шэсць, а можа наогул нікога не аказацца. Гэта значыць, звычайна няшмат на адзін заезд. Самалёты ў Егіпет лётаюць у аўторкі і суботы.
У Белавія Еўрарадыё расказалі, што такіх масавых нядопускаў, як 130 пасажыраў са 150, у практыцы кампаніі не здаралася:
— Апошнім часам не было нядопускаў у вялікай колькасці, таму што ўсе тураператары папярэджваюць сваіх пасажыраў пра тое, што з'яўляцца на рэйс трэба з ПЛР-тэстам.
Турызм ледзь жывы
У цэлым справы ў турызме не вельмі праз каранавірус.
— Турызм ледзь жывы, як і ва ўсім свеце. Многія кампаніі адмовіліся ад офісаў, хтосьці пераарыентаваўся на ўнутраны турызм, які невялікую, але ўсё ж капейку прыносіць. Але закрыліся адзінкі, — кажа Руслан Сегенюк. — Адзіны чартарны кірунак, які ў нас застаўся, — гэта Егіпет. Запаўняецца ён нядрэнна, не зважаючы на сезоннасць. Звычайна гэты час не самы пікавы для Егіпта. Але іншага варыянта масава ляцець няма.
Яшчэ беларусы могуць адпачываць на Мальдывах, Сейшэлах, у Мексіцы або Дамінікане, але гэта дарагія варыянты з больш складанай працэдурай падрыхтоўкі, адзначае суразмоўнік.
Кампаніі спадзяюцца на наступны сезон. Ужо стартавала ранняе браніраванне па Турцыі, Чарнагорыі, Албаніі. Чакаецца адкрыццё па Іспаніі, Грузіі, Кіпры, Грэцыі.
— Яно, вядома, у пяць-сем разоў меншае, чым у той жа перыяд мінулага года, але ёсць. Аператары прапануюць умовы, якія практычна выключаюць рызыку турыста.
За перадаплату ў эквіваленце 50 еўра вы атрымліваеце гарантавана найлепшую цану на адпачынак. У выпадку, калі самалёт не паляціць, вяртаюцца і гэтыя 50 еўра, — рэзюмуе Руслан Сегенюк.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.