28-гадовай жыхарцы Віцебска праламалі галаву, каб завалодаць яе кватэрай
Віцебскія міліцыянеры раскрылі жорсткае забойства 28-гадовай жыхаркі абласнога цэнтра. 24 верасня аператыўнікам стала вядома, што ахвяра закапаная ў лесе ў Лёзненскім раёне. Праваахоўнікі знайшлі труп у яме пад зламаным дрэвам. У жанчыны была праламаная галава.
Як інфармуе прэс-служба УУС Віцебскага аблвыканкама, на месца выязджала кіраўніцтва сілавых структур, там працавалі эксперты. Ужо да вечара былі затрыманыя падазраваныя — жыхары Віцебска: 21-гадовы мужчына і 24-гадовая жанчына. Высветлілася, што 18 верасня яны былі ў гасцях у загінулай, распівалі алкагольныя напоі. Тады ў іх і ўзнік план завалодання яе двухпакаёўкай (жанчына жыла адна). Яны вывезлі сваю знаёмую ў лес, дзе і нанеслі ёй некалькі ўдараў па галаве, а труп закапалі.
У дачыненні да затрыманых распачатая крымінальная справа. Высвятляюцца ўсе абставіны трагічнага здарэння, чакаюцца вынікі судова-медычнай экспертызы.