500 год беларускаму кнігадруку: сёння гадавіна выдання Скарынай Псалтыра
500 год беларускаму кнігадруку адзначаецца сёння, 6 жніўня. У гэты дзень паўтысячагоддзя таму Францішак Скарына выдаў у Празе першую частку з 20 кніг Старога Запавету ў перакладзе на старабеларускую мову. Кніжка выйшла кірыліцай і ў ёй быў тытульны ліст, прамежкі паміж словамі, водступы-абзацы. Скарына таксама адмовіўся ад скарачэння словаў і ўвёў кароткі змест у пачатку кожнага раздзелу. Кожная кніга мела яго аўтарскую прадмову і змяшчала тлумачэнні незразумелых словаў на палях.
Гэта была не толькі першая беларуская кніга, але і першая ва Усходняй Еўропе Біблія ў перакладзе на нацыянальную мову. Да Скарыны Святое Пісанне перакладалі з латыні на італьянскую і чэшскую мовы.
Свае кнігі Скарына стараўся рабіць даступнымі для простых людзей і лічыў, што Біблія павінна выконваць таксама асветніцкую функцыю.
Паслядоўнікамі справы Скарыны былі Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец, якія надрукавалі першыя кнігі на тэрыторыі Расіі і Украіны. У Беларусі яго паслядоўнікамі сталі славутыя асветнікі Васіль Цяпінскі і Сымон Будны.