Абсалютбанк, які трапіў пад заходнія санкцыі, змяніў юрыдычны статус і назву
Закрытае акцыянернае таварыства "Абсалютбанк", які летась трапіў пад заходнія санкцыі, змяніў юрыдычны статус. Цяпер ён з'яўляецца "нябанкаўскай крэдытна-фінансавай арганізацыяй", паведамляе nbrb.by. Рашэнне аб дзяржаўнай рэгістрацыі зменаў і дапаўненняў, унесеных у статут, прыняло праўленне Нацбанка, і яно пачало дзейнічаць з 5 ліпеня. У Абсалютбанка з'явілася новая назва — закрытае акцыянернае таварыства "ОптиКурс" НКФО". Частку ранейшых паслуг яно ўжо не зможа аказваць.
Сцвярджаецца, што ў Абсалютбанку адсутнічаюць змешчаныя на дэпазіты сродкі фізічных асоб, у тым ліку ІП.
Абсалютбанк трапіў пад амерыканскія санкцыі 9 жніўня 2021-га, паколькі належыў ці мог кантралявацца адным з "кашалькоў Лукашэнкі". Летась кліенты за паўгода "вынеслі" з банка ⅔ сваіх сродкаў. Сярод яго кліентаў былі ўкраінскія дэпутаты Тарас Казак і Віктар Медзвядчук. Першы ва Украіне цяпер у вышуку, другога арыштавалі і абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.