З банка, якім валодаў блізкі да Лукашэнкі бізнесмен, вывелі ⅔ сродкаў
Нардэпы Тарас Казак і Віктар Медзвядчук / калаж Еўрарадыё
Абсалютбанк займае 20-е месца сярод банкаў Беларусі па памеры актываў — адносна рынку ў цэлым ён невялікі. Але з чым яму пашанцавала, дык гэта з кліентамі: сярод трымальнікаў рахункаў Абсалютбанка ў свой час выявіліся ўкраінскія дэпутаты Тарас Казак і Віктар Медзвядчук. Апошняга нярэдка называюць кумам Пуціна, а сёння абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе.
Кліентамі банка ўкраінскія палітыкі сталі, калі Медзвядчук пачаў працаваць з беларускім бізнесменам Мікалаем Вараб'ём — уладальнікам Абсалютбанка, яго ў прэсе называюць кашальком рэжыму. Пасля трапляння пад еўрапейскія санкцыі Варабей перапісаў банк на топ-менеджараў іншых сваіх кампаній. Аднак ці перастаў бізнесмен фармальна яго кантраляваць?
У 2019 і 2020 гадах Медзвядчук і Казак павялічвалі памер сваіх "заначак" у беларускім банку. Так, на канец 2020-га Медзвядчук і яго жонка захоўвалі ў Абсалютбанку каля 9,5 млн еўра, а Казак — каля 8,8 млн еўра і яшчэ 8,2 млн долараў. Колькі іх грошай ляжала ў банку ў першай палове 2021 года — інфармацыі няма. Але вядома, што з 1 студзеня да 1 красавіка 2021-га сродкі кліентаў у Абсалютбанку падраслі яшчэ на 70 млн рублёў.
Але за наступныя паўгода кліенты "вынеслі" з Абсалютбанка ⅔ сваіх сродкаў. На 1 кастрычніка 2021-га сродкі кліентаў склалі толькі 73,3 млн рублёў. У параўнанні з 1 красавіка яны зменшыліся на 120 (!) млн рублёў.
Калі з канца 2020-га Медзвядчук і Казак ні на капейку не павялічылі свае зберажэнні ў беларускім банку, то на сёння гэта больш за 72 мільёны рублёў. У такім выпадку выходзіць, што ў Абсалютбанка ўсяго два кліенты, і абодва — украінскія дэпутаты. Больш імаверна, што яны вывелі з банка не ўсе свае сродкі, а большую іх частку. І менавіта за кошт гэтага ў бухгалтарскім балансе і назіраюцца такія прыкметныя змены.
Сам банк не можа апублікаваць звесткі пра кліентаў, таму пацвердзіць такую версію сёння немагчыма. Аднак у 2022-м будзе апублікаваная дэкларацыя дэпутатаў за гэты год. Там павінны быць адлюстраваныя рухі іх грошай у тым ліку і ў Беларусі.
Замятаюць сляды грашыма?
У пачатку 2021 года Украіна ўвяла санкцыі супраць Казака і Медзведчука. Дэпутатаў абвінавачваюць у дапамаганні рускім апалчэнцам на Данбасе, а нядаўна Медзведчуку прад'явілі абвінавачанне ў дзяржаўнай здрадзе за гандаль данбаскім вугалем. Іх рахункі ва ўкраінскіх банках блакуюцца. Прывабнасць Беларусі заключалася ў тым ліку і ў тым, што мясцовыя банкі не абавязаныя выконваць рашэнні ўкраінскіх уладаў пра замарозку сродкаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.