А.Бяляцкі: Рэгістр насельніцтва можа абмежаваць правы беларусаў

Праваабаронца Алесь Бяляцкі прыпускае, што новы рэгістр будзе працаваць супраць беларускай апазіцыі. А ў прэс-службе прэзідэнта сцвярджаюць, што база заснаваная на станоўчым досведзе цывілізаваных краінаў. У Беларусі будзе сфармаваны рэгістр насельніцтва. Гэта адзіная сістэма ўліку персанальных дадзеных грамадзян краіны, а таксама замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у рэспубліцы. Такая сістэма заклікана садзейнічаць развіццю прынцыпа аднаго акна, скараціць перапіску і запыты арганізацый пры працы з грамадзянамі.

У рэгістры будуць указвацца персанальныя дадзеныя чалавека, а таксама кожнаму грамадзяніну будзе дадзены свой асабісты ідэнтыфікацыйны нумар. Праваабаронца Алесь Бяляцкі лічыць, што ў Беларусі нават самыя добрыя пачынанні могуць абярнуцца супраць грамадзянаў краіны.

Алесь Бяляцкі: “Я не здзіўлюся, калі той комлекс дадзеных у выніку складання такой вялікай базы беларускага насельніцтва будзе таксама выкарыстаны ў рэпрэсіўных і абмежавальных мэтах, якія могуць сур’ёзна абмежаваць і так ужо моцна абкарнаныя грамадзянскія і палітычныя правы ў Беларусі”.

Праваабаронцы сустракаліся з падобным не аднойчы. Так, спадар Бяляцкі прывёў Еўрарадыё прыклад, калі грошы Еўрасаюзу былі выкарыстаныя для таго, каб не пускаць беларускую апазіцыю за мяжу.

Алесь Бяляцкі: “Еўрасаюз праводзіць з Беларуссю супрацоўніцтва, якое датычыцца паляпшэння памежнай інфраструктуры. За грошы Еўрасаюзу купляюцца кампутары, ствараецца вялікая кампутарная база. І потым выяўляецца, што гэтую неблагую рэч беларускія ўлады пачынаюць выкарыстоўваць для таго, каб не пускаць прадстаўнікоў беларускай апазіцыі за межы Беларусі па тых ці іншых прычынах”.

Еўрарадыё зацікавілася, наколькі небяспечная такая база з іншага боку. Ці будзе магчымым яе нелегальны распаўсюд? У Міністэрстве ўнутраных справаў нас запэўнілі, што рэгістр ствараецца на базе МУСаўскага праграмнага забеспячэння. Таму бяспека будзе на вышэйшым узроўні. Доступ у дзяржустановаў будзе толькі па сваёй лініі, расказаў Еўрарадыё прэс-сакратар МУСу Алег Слепчанка:

“На першай стадыі трэба стварыць такое праграмнае забяспечанне, якое магло б чыста тэхнічна сумясціць базы данных, якія ўжо існуюць у МУСа у Мін’юста, у Мінабароны. Адпраўным пунктам з’яўляецца "АС-пашпарт", ёсць такая праграма. У нас за 14 год існавання ніводгнага выпадку крадзяжу інфармацыі не было”.

Да таго ж, як сказаў спадар Слепчанка, праграма, што тычыцца рэгістру насельніцтва не будзе сумешчаная з інтэрнэтам. Гэта будзе асобная сетка. Аднак чакаць рэгістру давядзецца яшчэ доўга. Па інфармацыі МУСа, на стварэнне базы спатрэбіцца каля трох год.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі