Ацэнкі экспертаў: ці варта было залічваць гол латвійцаў

Перамога беларусаў над латвійцамі, калі зборныя, лічы, біліся за выхад у чвэрцьфінал чэмпіянату свету па хакеі, была азмрочаная сітуацыяй на апошняй хвіліне. Каспарс Даўгавіньш закінуў шайбу за 36 секунд да канца гульні пры ліку 2:1 на карысць беларусаў. Аднак чэшскі суддзя, не раздумваючы, без відэапаўтора не стаў залічваць гол. Гэтая скандальная сітуацыя выклікала спрэчкі паміж хакеістамі і ўзаемныя абразы з боку латвійскіх і беларускіх заўзятараў.

Сайт Міжнароднай федэрацыі хакея размясціў афіцыйнае фота і незалічаны гол трактаваў адназначна: “Гінц Мэя насуперак правілам заблакаваў галкіпера ў зоне варот падчас кідка”. У подпісе пад фота было пазначана, што “Мэя трапіў ў зону Лаланда і перашкодзіў варатару зборнай Беларусі”.

Звяртаемся да незалежнага хакейнага эксперта Міхаіла Зісліса ― спартовага журналіста з расійскага “ИТАР-ТАСС”.

“Калі глядзець паводле строгай адпаведнасці закону, то шайбу не залічылі справядліва. Але калі парушэнне і мела месца, то яно было мінімальнае і ніяк не перашкодзіла Лаланду адбіць шайбу, ― лічыць Міхаіл Зісліс. ― Я бяру за прыклад НХЛ і КХЛ, дзе такія галы залічваюцца ў 9 выпадках з 10. Я быў нейтральным назіральнікам, гэта маё асабістае меркаванне, хутчэй, як заўзятара, а не спецыяліста ў судзейскай галіне. Мне здаецца, што проста так не сталі б гульцы зборнай Латвіі абурацца і ламаць клюшкі. Нагода, каб не залічваць узяцце варот, сапраўды была. Але даць адназначную ацэнку, быў гол ці не было, я даць не магу”.

Хакейныя функцыянеры і эксперты з Латвіі выказваюцца катэгарычна: гол быў. Вядомы прыбалтыйскі хакейны трэнер і каментатар Гінц Бісеніекс выказвае меркаванне, што галоўны суддзя не мог імгненна ацаніць сітуацыю і прыняць без відэапаўтора адназначнае рашэнне.

“Калі не залічваць такія шайбы, то палову ўсіх галоў трэба адмяняць, ― горача наракае хакейны спецыяліст. ― Упершыню ў жыцці я дрэнна падумаў пра суддзяў: на іх ці ціснуць зверху, ці было адпаведнае заданне. Гэта мой суб’ектыўны пункт гледжання”.

Еўрарадыё: “Але канёк гульца бясспрэчна быў у плошчы варот падчас таго, як шайба туды залятала”.

Гінц Бісеніекс: “Я ўчора гэта шматразова бачыў на паўторах. Так, калі шайба залятала, гулец разварочваўся і левы канёк сапраўды зайшоў у плошчу варот. Пры гэтым гулец не перашкодзіў варатару, не дакрануўся да яго. Я не веру, што суддзя мог адназначна ацаніць гэты імклівы момант. Але ён імгненна прыняў рашэнне, нягледзячы на пытанні іншага суддзі. І ў такой вострай сітуацыі, падчас такога важнага матча на апошняй хвіліне ён катэгарычна адмовіўся ад відэапаўтора. Лічу, што гэта магла быць зачэпка для вырашэння пастаўленай яму задачы”.

Еўрарадыё: “Ці былі, на вашу думку, падчас матча яшчэ нейкія эпізоды, якія маглі б сведчыць пра неаб’ектыўнасць галоўнага суддзі? ”

Гінц Бісеніекс: “Такіх момантаў не было, але не было і сітуацый, калі б нешта пагражала перамозе беларусаў. Толькі пад канец трэцяга перыяду сітуацыя абвастрылася, і вось, здарыўся гэты момант”.

Звяртаемся да беларускіх хакейных спецыялістаў. І тут сутыкаемся з процілеглай пазіцыяй.

Трэнер Андрэй Гусаў каментаваць сітуацыю не захацеў: “Гэта не маё пытанне. Хлопцы перамаглі, матч скончыўся, абмеркаванні будуць у любым выпадку”.

Легендарны хакеіст зборнай Беларусі Вадзім Бекбулатаў прызнаўся Еўрарадыё, што падчас яго доўгай кар’еры такіх пікантных сітуацый не здаралася:

“Выпадак вельмі рэдкі. Так, нага хакеіста ў плошчы варот падчас кідка была. І гулец перашкаджаў галкіперу. Атрымліваецца, калі перашкода была і нага была ў плошчы варотаў, то гол не залічылі правільна”.

І сапраўды, правілы IIHF трактуюць, што шайба не залічваецца, калі “гулец, які атакуе, стаіць ці трымае клюшку ў варатарскай плошчы падчас узяцця варот”.

Дарэчы, у зборнай Латвіі яшчэ ёсць магчымасць трапіць у чвэрцьфінал. Для гэтага ім трэба перамагчы ў гульні з камандай Швейцарыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі