Ад пачатку вайны ў Літву выехалі каля 60 тысяч беларусаў
Святлана Ціханоўская размаўляе з беларусамі ў Вільні / @tsikhanouskaya
Пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны ў Літву прыехала блізу 60 000 беларусаў і 8 тысяч расіян. Гаворка пра людзей, якім выдалі візы і віды на жыхарства, піша Delfi са спасылкай на кіраўніка Дэпартамента міграцыі Эвеліну Гудзінскайтэ. Пры гэтым Гудзінскайтэ адзначыла, што неабавязкова ўсе гэтыя беларусы засталіся ў Літве, некаторыя маглі з'ехаць і ў іншыя краіны ЕС.
"Дакладную колькасць мы не можам назваць. Таму што гэтыя людзі прыязджаюць і з'язджаюць. Тое, што яны прыехалі, не значыць, што яны знаходзяцца ў Літве і цяпер", — адзначыла кіраўніца Літоўскага Дэпартамента міграцыі. Абсалютна дакладна вядома, што ў цяперашні час від на жыхарства ў Літве маюць 55 300 беларусаў. На момант пачатку вайны 24 лютага 2022 года гэтая колькасць была значна меншай — 32 700. Літоўскі рэсурс прыводзіць таксама меркаванне кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі. Ён падзякаваў Літве і Польшчы за падтрымку беларусаў і расказаў, што, паводле яго ацэнак, зараз у Еўропе пражывае ад 250 тысяч да паўмільёна беларусаў.
Пры гэтым у Вільні асцерагаюцца, што пад выглядам беларусаў, якія шукаюць абарону, у краіне могуць апынуцца і непажаданыя людзі. За 6 месяцаў 2023 года праз пагрозу бяспецы ў Літву не пусцілі 800 грамадзян РБ, ім адмовілі ва ўездзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.