Ад палітвязня Статкевіча няма вестак ужо больш за 5 месяцаў
Мікалай Статкевіч за кратамі / sb.by
Ад палітвязня Мікалая Статкевіча няма вестак ужо больш за 5 месяцаў. Яго жонцы Марыне Адамовіч нядаўна вярнулі ліст. На ім напісана "адмова ад атрымання". "Без словаў... Не забралі з пошты. Вярнулі...", — піша Адамовіч у Facebook.
Мікалаю Статкевічу 66 гадоў. Ён — падпалкоўнік запасу, былы кіраўнік Беларускага згуртавання вайскоўцаў, лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада). Статкевіча затрымалі 31 траўня 2020-га, ад таго часу ён за кратамі. У снежні 2021-га яго асудзілі на 14 гадоў зняволення за "арганізацыю масавых беспарадкаў" (праходзіў па адной справе з Сяргеем Ціханоўскім). З чэрвеня 2022 года знаходзіўся ў калоніі № 13 у Глыбокім. У траўні сёлета стала вядома, што Мікалая Статкевіча змясцілі ў адзіночную камеру на паўгода.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.