Ад тайфуна на Філіпінах загінула больш за 100 чалавек

Целы загінулых ляжаць паўсюль на вуліцах партовага горада Таклабан, перадае ВВС. Інфармацыі з іншых прыбярэжных раёнаў пакуль проста няма, бо паўсюдна парушаныя камунікацыі і электразабеспячэнне. Трапічны тайфун "Хаян", самы магутны за ўвесь час назіранняў, затапіў узбярэжжа, штармавы вецер зрываў з дамоў дахі і выклікаў апоўзні на дарогах.



Па ацэнках амерыканскіх метэаролагаў, хуткасць ветра "Хаяна" ў момант набліжэння да Філіпінскіх выспаў складала 314 кіламетраў у гадзіну. Мільёны жыхароў 20 правінцый архіпелага былі змушаны пакінуць свае дамы. У шэрагу гарадоў зачыніліся школы і грамадскія ўстановы.



"Хаяну" надалі вышэйшую, пятую катэгорыю па шкале ўраганаў Сафіра-Сімпсана. Сярод мясцовых жыхароў гэты тайфун вядомы пад імем "Ёланда".



"Хаян" — ужо дваццаць пяты па ліку тайфун, які сёлета дасягнуў тэрыторыі Філіпінаў.



Фота — AFP

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі