МЗС: Інфармацыі аб пацярпелых ад тайфуна на Філіпінах беларусах няма
Колькасць ахвяр стыхійнага бедства ўжо перавысіла 10 тысяч чалавек, пацярпелі амаль 10 мільёнаў.
Супертайфун "Ёланда" абрынуўся на Філіпіны 8 лістапада. Шматлікія раёны краіны дагэтуль застаюцца адрэзанымі ад свету. Расійскі МЗС ужо прызнаў, што лёс як мінімум 50 расійскіх турыстаў невядомы. Інфармацыі аб пацярпелых ад тайфуна беларусах пакуль няма, гавораць у МЗС Беларусі.
“Пакуль, на шчасце, інфармацыі аб пацярпелых падчас тайфуна на Філіпінах беларусах няма. Мы правяраем усе магчымыя крыніцы”, — паведамляе прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Андрэй Савіных.
Ад супертайфуна на Філіпінах пацярпелі 9,5 млн чалавек (відэа)
У панядзелак "Ёланда" абрынулася на поўнач В'етнама. Праўда, супертайфун цяпер атрымаў класіфікацыю "шторма першай катэгорыі". Хуткасць ветра дасягае 140 кіламетраў за гадзіну. Як паведамляла Еўрарадыё, напярэдадні з узбярэжжа В'етнама ў цэнтральныя раёны краіны эвакуявалі каля 600 тысяч чалавек.
Фота — AFP