Адключэнне дзяржбанкаў ад Visa і Mastercard: нерэалістычна, але піяр-ход добры
Калі Visa і Mastercard сыдуць, то іх заменяць Белкарт і "Мир" / Reuters
30 сакавіка НАУ паведаміла, што просіць Visa і MasterCard разарваць любыя адносіны з Беларусбанкам, Белаграпрамбанкам і Белінвестбанкам, паколькі праз іх выплачваюцца зарплаты сілавікам.
— У пачатку сакавіка НАУ накіравала лісты ў замежныя банкі Citibank, Raiffeisen, Credit Suisse і Deutsche Bank, каб тыя закрылі карэспандэнцкія рахункі банкаў, якія абслугоўваюць сілавыя структуры. Для беларускіх дзяржаўных банкаў гэта азначае, што яны не змогуць праводзіць міжнародныя аперацыі.
Таксама мы звярнуліся да плацежных сістэм Visa і MasterCard, каб тыя разгледзелі пытанне аб прыпыненні адносін з дзяржбанкамі Беларусі да таго часу, пакуль тыя працягваюць абслугоўваць структуры і людзей, якія знаходзяцца пад санкцыямі, — гаворыцца ў паведамленні НАУ.
Галоўны рэдактар Myfin.by Уладзімір Лужнёў лічыць задуму НАУ сумнеўнай.
— Калі прыгадаць такія прэцэдэнты ў свеце, то адключэнне ад міжнародных плацежных сістэм было з іранскімі банкамі, якія трапілі пад санкцыі. Не думаю, што з беларускімі банкамі будзе гэтаксама. У Іране абмяжоўвалі падтрымку тэрарыстычных арганізацый, а тут палітычныя прычыны.
Калі б такое ўсё ж адбылося, то дзяржбанкам давялося б перайсці на лакальныя Беларускія карты і карты расійскай аплатнай сістэмы "Мир", адзначае Уладзімір Лужнёў.
— Для тых, хто трапіў бы ў такі спіс санкцый, усе аперацыі былі б закрытыя. Але гаворка ідзе толькі пра дзяржаўныя банкі. Застануцца яшчэ прыватныя. Таму, нават калі дзяржбанкі трапяць пад нейкія абмежаванні, прыватныя банкі змогуць закрыць прабоіну.
Зрэшты, нічога добрага для эканомікі ў цэлым і дзяржбанкаў у прыватнасці разрыў супрацоўніцтва з Visa і MasterCard не азначаў бы. Ён адназначна выклікаў бы паніку ў іх кліентаў і вывад сродкаў з гэтых банкаў.
— Гэта прыкладна з той жа серыі, што і адключэнне ад SWIFT. Але пакуль мы яшчэ не ў такой сітуацыі знаходзімся, каб у нас уводзілі падобныя абмежаванні.
На думку акадэмічнага дырэктара BEROC Кацярыны Барнуковай, прапанова НАУ нездзяйсняльная. Затое гэта добры піяр-ход.
— І напамін усім пра тое, што пры любым узаемадзеянні з беларускім бізнесам могуць быць рэпутацыйныя страты. У нас ёсць прыклад Крыма, дзе міжнародныя аплатныя сістэмы не працуюць. Нейкай вялікай трагедыі там не адбылося. Працуюць альтэрнатыўныя сістэмы. Вядома, гэта не вельмі зручна, асабліва для турыстычнага рэгіёна, але сказаць, што там адбыўся нейкі калапс усяго, нельга.
Дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч не стаў каментаваць ініцыятыву НАУ, сказаўшы, што штаб экс-кандыдата ў прэзідэнты не мае да яе дачынення. Але мімаходзь адзначыў, што ставіцца да яе скептычна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.