Адміністрацыя Кастрычніцкага раёна адхрышчваецца ад допісу пра час пераменаў
У Фэйсбуку на старонцы "Адміністрацыя Кастрычніцкага раёна г. Мінска" 24 чэрвеня з'явіўся пост — нібыта ад імя кіраўніка раёна Генадзя Любатынскага. У допісе гаворыцца, што надыходзіць час пераменаў і 9 жніўня трэба зрабіць правільны выбар. Гэты пост атрымаў больш за 1800 падабаек.
"Паважаныя жыхары нашага раёна! Звяртаюся да вас як да выбаршчыкаў на прэзідэнцкіх выбарах 9 жніўня. Надыходзіць час пераменаў. Надыходзіць час Беларусі будучыні. Мы ўсе адчуваем гэта проста ў паветры. Спадзяюся, 9 жніўня вы зробіце правільны выбар! З павагай, кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г. Мінска Любатынскі Генадзь Іванавіч", — гаворыцца ў допісе.
Астатнія допісы ў гэтым акаўнце — будзённыя чынавенскія справаздачы аб жыцці раёна.
Аднак на з'яўленне рэзананснага паста адміністрацыя раёна адрэагавала на афіцыйным сайце. У заяве чыноўнікаў гаворыцца, што старонка ў Фэйсбуку не належыць адміністрацыі, а зварот ад імя Генадзя Любатынскага называецца фэйкам.
"Дадаткова паведамляем, што афіцыйнымі акаўнтамі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г. Мінска ў сацыяльных сетках з'яўляюцца twitter (Okt_Minsk_by), instagram (okt.minsk), а таксама канал на YouTube (https://www.youtube.com/channel/UCaWRVtFyzrmoFjjdARdGmjQ)", — заяўляюць у раённай адміністрацыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.