Чым жыве беларуская вёска, у якой нарадзіўся і вырас Шымон Перэс (фота)
У Вішнева, дзе нарадзіўся нобелеўскі лаўрэат Шымон Перэс, едзем па гравейцы з боку Віленскай трасы. Землякі чакалі Шымона: маўляў, прыедзе, дык папросім грошай, каб дарогу добрую зрабілі. Але не дачакаліся: раніцай 28 верасня стала вядома, што былы прэзідэнт Ізраіля памёр, яму было 93 гады.
На зялёным доме, збудаваным на фундаменце колішняй хаты, дзе з'явіўся на свет будучы прэзідэнт Ізраіля, вісіць памятная шыльда:
"Тут, 2 жніўня 1923 года, нарадзіўся Шымон Перэс, сын Сары і Ісаака Перскіх, нобелеўскі лаўрэат, дзявяты прэзідэнт дзяржавы Ізраіль".
Гаспадар Іван, які набыў дом на падворку Перскіх 14 гадоў таму, заўважна нападпітку. Яго жонка Анюта таксама. Кажа, што калі пачула, што памёр Шымон Перэс, плакала. Хоць Іван і Анюта нічога не ведаюць пра жыццё Перскіх у Вішневе, гасцям яны радыя: запрашаюць на двор і традыцыйна частуюць усіх вадой з калодзежа. Па чутках, нібыта калодзеж той самы, вырыты яшчэ продкамі Шымона Перэса, і вада гаючая.
Госці з Мінскай яўрэйскай абшчыны фатаграфуюцца на фоне калодзежа і хаты, распавядаюць, што прыязджаюць на радзіму славутага выхадца з Беларусі часта, дзякуюць Івану за тое, што той захоўвае падворак. Пасля гэтага дэлегацыя на чале з равінам Рыгорам Абрамовічам выпраўляецца памаліцца да помніка загінулым яўрэям і іншым вішнеўцам, замучаным фашыстамі ў 1942 годзе. Затым — у невялікі музей Шымона Перэса ў мясцовым Доме культуры, дзе ў адным з пакояў вісяць шматлікія фота Перэса і яго сям'і.
Больш пра тое, што некалі тут нарадзіўся будучы нобелеўскі лаўрэат і прэзідэнт Ізраіля, нічога не нагадвае. На месцы сінагогі, куды хадзілі Перскія і дзе служыў равінам дзед Перэса, стаіць старая лазня. Закінутыя яўрэйскія могілкі, на якіх пахаваныя сваякі Перскіх, цалкам параслі кустоўем і травой. Людзей, якія б памяталі Перскіх, амаль не засталося. Мясцовыя ведаюць, што Перэс некалькі разоў прыязджаў у Вішнева, аднак гісторыі пра яго дзяцінства не захаваліся.
"Пражываў тутака, прыязджаў часта, хадзіў на яўрэйскія могілкі, да помніка. У пазамінулым годзе дачка прыязджала. Іхняга дома няма, яго разабралі, на гэтым месцы пабудавалі новы дом. Але старых людзей няма, якія б памяталі тыя часы", — кажа суседка Віталія Іванаўна.
Адзіны, хто ведае Шымона Перэса, — 93-гадовы былы настаўнік Уладзімір Волкаў, ён зламаў нагу і ляжыць у Валожынскай лякарні.
Рызыкуем і едзем у Валожын. У хірургічным аддзяленні знаходзім Уладзіміра Іванавіча. Ён хоць і недачувае, але пры памяці і нават жартуе, маўляў, расказаць гісторыю — а дзе шакаладка?.. Ад нас Волкаў даведваецца пра смерць земляка:
"Што расказаць? У польскую школу хадзілі разам ды і ўсё. Габрэяў жа было шмат у Вішневе, дзве тысячы. Жылі па суседстве, разам гулялі. Якім можа быць дзіця? Звычайным... Мы размаўлялі з ім па-польску, а як жа яшчэ? У школе ж вучыліся польскай! Школа ў іх была яшчэ свая, свае сінагога, лякарня. Потым прыязджаў, мы сустракаліся. Ён яшчэ жывы? Сёння памёр? Светлая яму памяць".
Па словах Уладзіміра Іванавіча, калодзеж, з якога ўсе прыязджаюць піць ваду, не той:
"Ён быў не ў двары, а на вуліцы. З калодзежа бралі ваду суседзі. У нас дык быў свой. Мы жылі зажытачна. Мой бацька, Ян, быў вялікім начальнікам — адным з кіраўнікоў па лесараспрацоўках. Сваякі Шымона былі гандлярамі. У Вішневе было ў той час больш за сотню дробных яўрэйскіх крамаў. Іх бацьку гэта надакучыла, ён усё кінуў і з'ехаў у Ізраіль. Яўрэі сябравалі з яўрэямі, беларусы з беларусамі, палякі з палякамі. Я дык паляк, але мая маці сябравала з маці Шымона. Яны да яе ў госці хадзілі, і яна да іх — набываць вопратку, абутак, ежу. Бо крамаў пяць польскіх было, астатнія — яўрэйскія".
Уладзімір Іванавіч шкадуе, што цяпер не дома. Хацеў бы паказаць нам дзіцячае фота з Шымонам Перэсам ды кульнуць чарку. Як 19 гадоў таму з Шымонам:
"Як нашы дзве сустрэчы праходзілі? Па чарцы выпілі, ды і ўсё!"