Алексіевіч пра кватэру: Гэта стаўленне да чалавека, які крыху “падняўся”
З Нобелеўскім лаўрэатам па літаратуры Святланай Алексіевіч мы сустрэліся на канцэрце джаз-бэнда Аркестра ВПС ЗША ў Еўропе Abassadors у Доме дружбы народаў 20 чэрвеня. Пісьменніца толькі пару дзён як вярнулася з паездкі ў Амерыку і выглядала крыху стомленай. Тым не менш, не замахваючыся на вялікае і грунтоўнае інтэрв’ю, лёгка пагадзілася адказаць не некалькі пытанняў Еўрарадыё.
Еўрарадыё: З пэўных вашых выказванняў склалася ўражанне, што вы можаце нейкім чынам узяць удзел у палітычным жыцці краіны…
Святлана Алексіевіч: Я сказала, што я не хачу быць палітыкам — я хачу быць пісьменнікам. Але ў нас такое жыццё, што цяжка быць толькі пісьменнікам. Даводзіцца нейкім чынам браць удзел у палітыцы. Але не ў такой, адкрытай палітыцы, я не збіраюся станавіцца “чыстым” палітыкам.
Еўрарадыё: Якім чынам можа праявіцца ваш удзел у палітычным жыцці: вы падтрымаеце некага з кандыдатаў на бліжэйшых выбарах?
Святлана Алексіевіч: Можа і так. А таксама тым, што я магу сказаць тое, што я думаю пра нейкія падзеі. І пра тое, што адбываецца ў нас. Я думаю, гэта таксама ўдзел. Можа не ў палітыцы… Нават не ведаю, як гэта назваць… Можа ў грамадскім жыцці, што таксама вельмі важна. Але ў нас, як заўжды: мы ўсе на барыкадах, і гэта ўсё заўжды пераблытана.
Еўрарадыё: У сваіх выступах вы пастаянна прыгадваеце сённяшнія падзеі на Данбасе, сёння прыгадалі, што расійская прэса з захапленнем кажа пра верагоднасць Трэцяй сусветнай вайны. Вам баліць гэтая тэма?
Святлана Алексіевіч: А каму яна не баліць?! Па-першае, я напалову ўкраінка, і ў мяне нават сваякі былі ў Данецку. Па-другое, нашай маленькай Беларусі таксама ёсць пра што задумацца, калі ўсё гэта адбываецца побач з намі.
Еўрарадыё: Вам зараз даводзіцца шмат ездзіць, напружвае такая неабходнасць?
Святлана Алексіевіч: Нават вельмі. Бо я ніяк не магу дабрацца да пісьмовага стала. Нягледзячы на тое, што я заўжды публічная асоба, але я не люблю ў сабе публічнага чалавека. Я, безумоўна, вельмі стамляюся ад гэтага. Але па правілах нельга ўзяць медаль, узяць грошы, сысці і сказаць: “Мне ні да чаго справы няма!” Гэта не сумленна. Але я спадзяюся, што ў кастрычніку знойдуць новага героя, будзе новы лаўрэат, і тады ўжо я змагу цалкам вярнуцца да свайго пісьмовага стала і сваёй новай кнігі.
Еўрарадыё: Вас закранула за жывое рэакцыя беларусаў на пакупку вамі новай кватэры ў вядомым доме?
Святлана Алексіевіч: Не магу сказаць, што яна так ужо моцна закранула… У маім жыцці шмат усяго было. І я заўжды ўсё адводжу на дыстанцыю, каб падумаць аб гэтым як аб праблеме. Ну, гэта праблема не заможнага грамадства, натуральна. І несправядлівая праблема. Чамусьці нікога не кранае замак, у якім жыве Галкін з Пугачовай, хоць там усё мільёны каштуе. А чамусьці мая кранае. Хаця я проста памяняла кватэру ў тым жа доме, але толькі на большую. Бо я прывыкла да гэтага краявіду, гэта вельмі прыгожы краявід. Я думаю, што людзі потым зразумеюць, што нічога ў гэтым няма. І нешта неяк зменіцца ў нашым жыцці: што чалавек, які зарабіў, можа сабе дазволіць тое, што ён хоча. І гэта ж не “дом Чыжа” — гэта проста назва такая. У Чыжа там, здаецца, толькі 20 кватэр. Вось, я набыла кватэру ва ўласніка. Да Чыжа яна не мае ніякіх адносінаў. Там, здаецца, ёсць некалькі кватэр Чыжа, яны арыштаваныя, пакуль суд ідзе. Проста там грошы праз нейкую арганізацыю Чыжа ішлі, але гэта людзі будавалі за свае грошы. І кватэра ў мяне не такая вялікая, каб так ужо…
Еўрарадыё: Галкін для нас чужы, а вы свая…
Святлана Алексіевіч: Тут жа справа не толькі ва мне. Гэта ўвогуле адносіны да чалавека, які крыху “падняўся”. Ну, гэта…
Еўрарадыё: Спявак Ivan, які прадстаўляў нашу краіну на Еўрабачанні, днямі прызнаўся, што не ведае, хто такая Алексіевіч…
Святлана Алексіевіч: Ну, а я яго не ведаю! Так што тут — усё нармальна!
Еўрарадыё: Ці лёгка беларусам як нацыі знайсці сваю нацыянальную ідэю?
Святлана Алексіевіч: А навошта яе шукаць? Яна ёсць, навошта яе шукаць? Яе ў 20-х гадах ужо знайшлі. Іншая справа, што мы нацыя, якая спазнілася, і мы ніяк не можам зрабіць гэта рэчаіснасцю. І што нам неабходна зрабіць, каб гэта зрабіць рэчаіснасцю. А так, нам нічога не трэба шукаць — у нас усё ёсць.
Еўрарадыё: Ведаю, што вялікія праблемы ў прыватных кнігарняў, не асабліва беларусы набываюць кнігі…
Святлана Алексіевіч: Зарабляць на беларускіх кнігах, безумоўна, вельмі складана. Бо мы пакуль не маем народа нацыянальна арыентаванага. Мы яшчэ не латвійцы, не эстонцы і не літоўцы, на жаль. І тут на дапамогу павінна была б прыйсці дзяржава. Калі б яна была зацікаўленая ў нацыянальнай ідэі. У такім выпадку дзяржава павінна была б падтрымаць дзве-тры такія крамы ці галерэі. Але ў нас няма дзяржавы. Хаця, не выключана, што нацыянальную ідэю дзяржава можа падхапіць, калі сапраўды ўзнікне небяспека.
Еўрарадыё: Да тэмы нацыянальнай ідэі: хто, падавалася б, павінен быў сядзець на самым ганаровым месцы, калі б гэта сапраўды быў усенародны сход — Нобелеўскі лаўрэат…
Святлана Алексіевіч: Ведаеце, усе гэтыя форумы ці ўсенародныя сходы – мне яны нагадваюць нейкія калгасныя сходы. Бо тут, як заўжды: нехта ў прэзідыуме нешта вырашыў, і астатнія людзі, як дэпутаты некалі, машынальна ўзнімаюць за гэта руку. Наша грамадства спіць, яно не рухаецца, яно павінна пачаць рухацца. Мне расказвалі, як зараз у Пухавіцкім раёне рыхтуюцца да выбараў: там фактычна супраць усіх альтэрнатыўных кандыдатаў нейкія правакацыі прыдумляюць. Там ёсць жанчына Наталля, сябра Партыі БНФ, так яе звольнілі з працы і нават прыбіральшчыцай не далі магчымасці працаваць. І ёй усе дапамагалі, і я ў тым ліку, грашыма, бо ў яе дачка вучылася і было складана. Як так, калі нельга ў школе нават прыбіральшчыцай працаваць? І яна хацела вылучыцца, але ж усе людзі, якія стануць яе даверанымі асобамі, усе могуць страціць працу, усе будуць знішчаныя як нейкія грамадскія фігуры. І таму пра якую нацыянальную ідэю ў дадзеным выпадку ідзе размова? Гэта не нацыянальная ідэя, гэта проста калгасны сход, на якім усё вырашыць старшыня.
Еўрарадыё: Мы з вамі сустрэліся на канцэрце ваеннага аркестра ЗША, слухалі джаз, але якая музыка вам на самой справе падабаецца?
Святлана Алексіевіч: Калі з беларускай музыкі, то мне падабаецца Кірчук (гурт “Троіца” — Еўрарадыё). А так я люблю нейкую новую музыку. Я лічу, што жанр павінен шукаць, трэба выскокваць у нейкую іншую прастору. І ў літаратуры, і ў музыцы мне цікава, як там шукаюць гэтае новае.