Алексіевіч: пакажыце Бабарыку, Калеснікаву, каб мы даведаліся, ці жывыя яны

Святлана Алексіевіч

Святлана Алексіевіч

Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч лічыць неабходным звярнуцца да беларускага рэжыму з патрабаваннем паказаць палітвязьняў, пра стан якіх нічога не вядома ўжо многія месяцы.

"Віктара Бабарыку, Марыю Калеснікаву, Максіма Знака. Каб мы даведаліся, ці жывыя яны. Ужо каля двух гадоў ніхто нічога пра іх не чуў. Мікалай Статкевіч таксама вельмі моцны чалавек, але мы вельмі баімся за іх, яны ж усе там хварэлі — Маша Калеснікава была хворая і ёй нават зрабілі аперацыю, Бабарыка быў хворы, а ён і так не вельмі здаровы чалавек. Саша Фядута таксама сядзіць больш за тры гады, а ён выключна хворы чалавек. І Алесь Бяляцкі таксама, а мы нічога пра іх не чуем", — кажа Алексіевіч у гутарцы з карэспандэнткай выдання "Голас Амерыкі".

У гэтым месяцы больш за 50 нобелеўскіх лаўрэатаў падпісаліся адразу пад двума адкрытымі лістамі. У першым яны патрабавалі спыніць вайну ва Украіне і баявыя дзеянні ў сектары Газа. Гэты ліст быў адпраўлены рэлігійным лідарам, у ААН, Еўрапарламент, у Парламенцкую асамблею Савета Еўропы. Другі ліст утрымліваў адкрыты зварот да Аляксандра Лукашэнкі. У лісце віталася "прыняцце закона аб амністыі і першыя крокі па вызваленні цяжка хворых зняволеных у Беларусі".

На волю выйшлі 10 цяжка хворых палітвязняў.

"Я рада, што гэта здарылася, праўда, там мы не ўбачылі тых людзей, пра якіх нічога не чуем ужо два гады. Гэта было вельмі асцярожнае дзеянне, але дзякуй Богу, што гэта пачалося. Я спадзяюся, што пачалося", — сказала Алексіевіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі