Алесь Міхалевіч: “Нікому я не патрэбны. Што, у прынцыпе, мяне радуе!”
За 5 дзён, што прайшлі пасля заявы аб катаваннях, да экс-кандыдата ў прэзідэнты не звярнуўся ніводны супрацоўнік КДБ.
5 дзён таму, 28 лютага, экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч выступіў са скандальнай заявай пра тое, што ў ізалятары КДБ ён стаў ахвярай катаванняў.
“Нас выводзілі ў вялікае халоднае памяшканне ўнізе, распраналі, ставілі голымі на "расцяжку"... Людзі ў камуфляжы разбівалі нам ногі — рассоўвалі іх максімальна шырока так, што фактычна мы сядалі на шпагат. Жудасна балелі звязкі на нагах. Ставілі за метр — паўтара голымі ад сцяны так, што ацякалі рукі, калі мы стаялі і нас так трымалі па сорак хвілін", — распавядаў Міхалевіч у эфіры Еўрарадыё.
28 лютага Алесь Міхалевіч не выключаў, што пасля гучнай заявы ён ізноў апынецца за кратамі. Але 4 сакавіка палітык распавёў Еўрарадыё, што за 5 дзён, якія ён правёў на волі, да яго не звярнуўся ніводны супрацоўнік дзяржбяспекі:
Алесь Міхалевіч: "Камітэт дзяржаўнай бяспекі са мной не звязваўся, мяне не выклікалі на допыты. Мяне таксама не выклікала пракуратура, куды я напісаў заяву пра тыя катаванні, якія адбываліся ў КДБ. Ніякай рэакцыі няма, адзіная рэакцыя — я чытаў у прэсе каментар прэс-сакратара КДБ, дзе ён сказаў, па-першае, што гэта няпраўда, а, па-другое, не трэба верыць таму, што пішуць у інтэрнэце. Акрамя такой рэакцыі праз прэсу, больш ніякай рэакцыі няма. Я знаходжуся ў сябе дома, я увесь час з уключаным тэлефонам, ніхто да мяне не прыходзіць, нікому я не патрэбны. Што, у прынцыпе, мяне радуе".
На думку Алеся Міхалевіча, юрыдычных падставаў да таго, каб ізноў змяніць меру яго ўтрымання на арышт, у КДБ пасля заявы не больш, чым да яе.
Алесь Міхалевіч: "Юрыдычных падставаў забраць мяне зноў, змяніць меру ўтрымання і вярнуць мяне ў турму ў іх няма. Бо тое, пра што я заявіў, — гэта парушэнне заканадаўства, якое не трапляе пад таямніцу следства. Я не павінен разгалошваць таямніцу следства — і пра следства я нічога не сказаў. Для таго, каб мяне зноў пасадзілі, трэба было вельмі сур'ёзнае палітычнае рашэнне, і, у нейкім сэнсе, гэта было б прызнаннем таго, што тое што я казаў — гэта праўда. Як я бачу, яны палічылі, што самым лепшым варыянтам з'яўляецца проста на гэта не рэагаваць".
Верагодна, неўмяшальніцтвам у жыццё палітыка супрацоўнікі дзяржбяспекі хочуць падкрэсліць, што арыштоўваць яго няма за што: маўляў, інфармацыя, якую ён распаўсюдзіў, непраўдзівая.
Алесь Міхалевіч: "Але ў любым выпадку, арыштуюць мяне зараз і зноў пасадзяць у турму, ці не, для улады гэта ў любым выпадку дрэнна. А пакуль я, як грамадзянін, раблю ўсё магчымае, каб гэтыя катаванні спыніліся, і каб палітычныя вязні выйшлі на свабоду. Акрамя таго, у мяне зараз шмат справаў, не звязаных з палітыкай. Гэта справы маёй юрыдычнай фірмы. Ведаеце, калі кіраўнік два месяцы сядзіць за кратамі, шмат што ў кампаніі "падае". Але калі ўзнікне неабходнасць у пэўных палітычных заявах — я зраблю іх".