Аляксандр Францкевіч: Да кампутара не дакранаўся тры гады
Раніцай у аўторак на волю з івацэвіцкай калоніі выйшаў палітвязень, які адбываў пакаранне, асуджаны па "справе анархістаў".
Аляксандра Францкевіча арыштавалі ў верасні 2010 года, у траўні 2011-га яго пакаралі трыма гадамі пазбаўлення волі.
У інтэрв'ю Радыё Свабода Францкевіч кажа, што ўвесь час адчуваў за кратамі ціск, але пад такім жа ціскам былі і іншыя зняволеныя. "Калі чалавек моцны, не важна па якіх прычынах ён сядзіць, то ён вытрымае", — кажа Аляксандр. "Мае погляды не змяніліся, а толькі ўмацаваліся", — дадае ён.
Нагадаем, Аляксандр Францкевіч — праграміст. У яго планах аднавіцца на ранейшай працы. “Да кампутара не дакранаўся тры гады, але калі бачыў яго ў турэмшчыкаў, ажно “рукі часаліся”, — прызнаецца ён.
Пад наглядам Францкевіч будзе жыць у Наваполацку, але спадзяецца перавесціся ў Мінск.
Фота — nn.by