Амбасада РФ адрэагавала на паведамленні пра сваіх параненых у клініках Гомеля
Прыёмнае аддзяленне Мазырскай ЦРБ, куды, паводле некаторых дадзеных, таксама дастаўляюць параненых расійскіх вайскоўцаў / mazyr.by
Амбасада Расіі ў Беларусі адрэагавала на паведамленні пра вялікую колькасць параненых расійскіх вайскоўцаў у беларускіх клініках Гомельскай вобласці. Гэтыя паведамленні "не адпавядаюць рэчаіснасці", кажуць у дыпмісіі.
"Мы падтрымліваем рэгулярныя кантакты з кіраўніцтвам медустаноў у рэгіёнах Беларусі, якія мяжуюць з Украінай, – у гарадах Гомель, Мазыр і Нароўля. Звестак, якія пацвярджаюць такія чуткі, у медыцынскіх арганізацыях не маюць", — прыводзіць пазіцыю расійскай амбасады Sputnik Беларусь.
У дыпмісіі лічаць, што такія публікацыі з'яўляюцца "нічым не падмацаванай правакацыяй з боку нядобразычліўцаў".
Раней пра вялікую колькасць параненых расійскіх вайскоўцаў у беларускіх клініках Гомельскай вобласці пісаў нямецкі рэсурс Deutsche Welle. Паводле дадзеных выдання, з пачатку вайны расійскіх параненых дастаўляюць у бальніцы Мазыра і Гомеля. Таксама палявы шпіталь разгарнулі ў Нароўлі. Крыніцы DW паведамлялі, што "шмат параненых паступае ў Мазыр. Часта — "без рук, ног, вушэй, вачэй". Некаторых вайскоўцаў прывозяць з медсанбатаў з парушэннем тэрмінаў эвакуацыі, ужо з гангрэнамі: "Калі б салдат дастаўлялі своечасова, канцавіны можна было б выратаваць". Іншая крыніца расказала выданню, што ў адной з бальніц Гомельскай вобласці "аперацыйныя працуюць нон-стоп".
Тое, што расійскія вайскоўцы знаходзяцца ў беларускіх клініках, у пачатку красавіка прызнаў і Аляксандар Лукашэнка. Да таго моманту лячэнне ў Беларусі, паводле яго слоў, атрымалі каля 160-170 расіян, параненых у баях з украінцамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.