Але ў 2015 годзе прэзідэнт Дуда іх памілаваў. А ў 2023-м Вярхоўны суд Польшчы пастанавіў, што памілаванне Дуды было не мае сілы — маўляў, ён памілаваў палітыкаў да таго, як суд афіцыйна вынес рашэнне, то-бок яны тады і так былі невінаватыя. Цяпер, пасля нашумелых польскіх выбараў, у выніку якіх да ўлады замест "ПіС" прыйшла праеўрапейская кааліцыя, абодвух палітыкаў усё ж асудзілі на два гады турэмнага зняволення.
Новы міністр унутраных спраў Марцін Кервінскі тады напісаў на X: "Усе роўныя перад законам".
Пры гэтым абодва палітыкі ў кастрычніку былі абраныя дэпутатамі ад "ПіС", у іх дэпутацкая недатыкальнасць. І яны абодва адмовіліся прызнаваць рашэнне суда. Сам прэзідэнт Дуда таксама заявіў, што не прызнае рашэння суда, а яго памілаванне застаецца ў сіле.
Апагей наступіў вечарам 9 студзеня. Суд выдаў паліцыі ордар на затрыманне абодвух палітыкаў. А раніцай 10 студзеня Дуда запрасіў іх у прэзідэнцкі палац, каб яны прысутнічалі на цырымоніі прывядзення да прысягі ў якасці дарадцаў кіраўніка дзяржавы двух сваіх экс-калег. Праз пару гадзін Камінскі і Вонсік выйшлі з палаца, каб каротка перагаварыць з рэпарцёрамі. Камінскі сказаў, што калі іх арыштуюць, то яны абодва стануць палітвязнямі.
А прыкладна ў гэты ж час Дональд Туск, прэм'ер Польшчы, на прэс-канферэнцыі патрабаваў, каб паважалася рашэнне суда.
"Гэта відавочнае выкарыстанне сітуацыі, у якой ніхто не будзе ўжываць сілу супраць такога інстытута, як прэзідэнт", — сказаў Туск.
У выніку палітыкаў затрымалі. Здаецца, прыкладна ў той час, калі Анжэй Дуда выйшаў з палаца на сустрэчу з беларусамі. Вось што такое па-сапраўднаму "вельмі цікава", так што працягваем назіранне.
Бандыты ў жывым эфіры
У беларусаў бязвізавы рэжым з Эквадорам, а ў Эквадоры ёсць на што паглядзець. Учора бандыты ў масках уварваліся ў студыю жывога эфіру аднаго з тэлеканалаў, прымусілі супрацоўнікаў легчы на падлогу — а потым трансляцыя перарвалася.
Паліцыя кажа, што ў выніку змагла вызваліць увесь персанал і арыштавала 13 чалавек. Аднаго аператара паранілі ў нагу, другі зламаў руку.
Краіна перастала жыць спакойна 8 студзеня: у турмах успыхнулі беспарадкі. А з адной камеры знік вядомы гангстар. У той жа дзень у Эквадоры ўвялі надзвычайнае становішча. З таго часу ў краіне загінулі як мінімум 10 чалавек. У суседнім Перу ўрад распарадзіўся на ўсялякі выпадак перакінуць да мяжы паліцэйскіх.
Эквадор экспартуе бананы, алей, каву, какаву, крэветкі і рыбныя прадукты, а яшчэ... какаін. Усплёск гвалту ў турмах і за іх межамі звязваюць з барацьбой паміж наркакартэлямі за кантроль над маршрутамі какаіну ў Еўропу і ЗША.
Калі наступным разам убачыце, што натоўпы мігрантаў спрабуюць выбрацца з цэнтральна- і паўднёваамерыканскіх краін і ўехаць у ЗША нелегальна — успомніце гэтую навіну.
“Крыміналізаваць назад”
У 2022 годзе Тайланд першым у Азіі дэкрыміналізаваў канабіс — а цяпер там плануюць перадумаць і "крыміналізаваць" яго назад.
Пасля змякчэння законаў у краіне здарыўся сапраўдны бум папулярнасці канабісу, паспела развіцца цэлая індустрыя, якая абслугоўвала і мясцовых жыхароў, і замежнікаў.
Але цяпер да ўлады прыйшоў новы ўрад, і ён плануе зрабіць так, каб канабіс можна было выкарыстоўваць толькі ў медыцынскіх мэтах. У аўторак Міністэрства аховы здароўя Тайланда апублікавала законапраект, які прадугледжвае буйныя штрафы або турэмнае зняволенне на тэрмін да аднаго года для парушальнікаў гэтага (пакуль яшчэ патэнцыйнага) закона.
І ўсё роўна гэты закон будзе мякчэйшы, чым у многіх суседніх краінах рэгіёна. У шэрагу дзяржаў асуджаюць на доўгія турэмныя тэрміны і нават на смерць за захоўванне, ужыванне або гандаль марыхуанай.
“Жанчыны выглядаюць неверагодна!”
А ў амерыканскім Твітары абмяркоўваюць... баль у Лукашэнкі. Адзін з карыстальнікаў дзесьці адкапаў кадры навагодняга балю, дзе Лукашэнка кружыць у вальсе Марыю Васілевіч, а побач на паркеце ў Палацы Незалежнасці — Сяргей Румас.