Amnesty International: Ціханоўскі, Бабарыкі, блогеры — вязні сумлення
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International выступіла са спецыяльнай заявай па сітуацыі ў Беларусі. Яна патрабуе ад афіцыйнага Мінска "спыніць крымінальны пераслед, запалохванне і рэпрэсіі супраць апанентаў Аляксандра Лукашэнкі і іх прыхільнікаў, актывістаў грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ”.
Больш таго, амаль два дзясяткі арыштаваных прызнаныя вязнямі сумлення. Amnesty International патрабуе іх вызвалення. Хто гэтыя людзі? Блогер і палітык Сяргей Ціханоўскі і яшчэ восем чалавек — Яўген Разнічэнка, Дзмітрый Фурманаў, Уладзімір Навумік, Вяргілій Ушак, Аляксандр Арановіч, Сяргей Калмыкоў, Васіль Баброўскі і Арцём Сакаў. Падкрэсліваецца, што яны "трапілі за краты выключна ў сувязі з мірным ажыццяўленнем сваіх правоў".
У спісе таксама патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Віктар Бабарыка і яго сын Эдуард. Міжнародныя праваабаронцы перакананыя. што іх пераследуюць у нашай краіне "выключна за мірнае выказванне сваіх палітычных поглядаў".
Amnesty International згадвае пераслед журналістаў і блогераў. Тых, хто знаходзіцца за кратамі, таксама прызналі вязнямі сумлення.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя сярод праблем з правамі чалавека ў Беларусі называе і дыскрымінацыю жанчын.
У заяве таксама чытаем: “Улады [Беларусі] павінны аператыўна, грунтоўна, аб’ектыўна, эфектыўна і празрыста расследаваць усе паведамленні аб празмерным выкарыстанні фізічнай сілы супрацоўнікамі праваахоўных органаў і жорсткім абыходжанні з затрыманымі, а таксама ўсе выпадкі пагрозаў, нападаў і абразаў”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.