Amnesty International: міліцыянты ў цывільным самі справакалі жорсткі адказ
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International лічыць, што масавыя затрыманні падчас мірных сходаў у Беларусі парушылі правы пратэстоўцаў і справакавалі гвалт.
Пра гэта заявіла старшы кіраўнік кампаній Amnesty International па Беларусі Аіша Джанг. "Людзі, якія сабраліся, каб асудзіць неўключэнне апазіцыйных палітыкаў у спіс кандыдатаў у прэзідэнты, мелі поўнае права выйсці на вуліцы. Мірны пратэст з'яўляецца важным спосабам рэалізацыі правоў на свабоду мірных сходаў і выказвання меркаванняў", — перадае яе словы сайт Amnesty International.
Падчас акцыяў пратэсту 14 ліпеня ў розных гарадах Беларусі, як паведамляла прэс-служба МУС, былі затрыманыя больш за 250 чалавек. Не абышлося і без сутычак паміж пратэстоўцамі і сілавікамі. Адказнасць за гэтыя сутычкі Аіша Джанг ускладае на міліцыю:
"Учора міліцыя імкнулася разагнаць мірныя сходы, звяртаючыся да празмернага і непатрэбнага ўжывання сілы, у многіх выпадках былі задзейнічаныя супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Гэта выклікала бурную рэакцыю з боку некаторых пратэстоўцаў, якія спрабавалі прадухіліць арышты і збіццё іншых, што таксама ўзмацніла напружанасць. Аднак, са слоў відавочцаў і згодна з шырока даступнымі відэазапісамі, мітынгі заставаліся пераважна мірнымі, і многія з арыштаваных былі мірнымі пратэстоўцамі".
Па яе словах, кожны, хто затрыманы проста за мірныя пратэсты ў Мінску ці іншых гарадах, з'яўляецца вязнем сумлення. Яго трэба неадкладна і безумоўна вызваліць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.