Андрэй Саннікаў выступіў на пасяджэнні ПА АБСЕ ў Вене
Беларускі палітэмігрант выказаў шэраг крытычных заўваг на адрас арганізацыі.
Як паведамляе сайт charter97.org, Саннікаў распавёў пра сітуацыю з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі, палітвязняў і ролю АБСЕ ў прасоўванні свабоды і дэмакратыі ва Усходняй Еўропе.
Свой выступ лідар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" пачаў з падзякі за салідарнасць і падтрымку, аказаную беларускім палітвязням і яму асабіста аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыяй.
Ён заявіў, што ў Беларусі за кратамі знаходзіцца велізарная колькасць людзей, якія трапілі туды з-за таго, што адстойвалі свае правы. Ён заклікаў прысутных зрабіць усё магчымае для іх вызвалення.
Разам з тым Саннікаў раскрытыкаваў некаторыя аспекты дзейнасці арганізацыі. У прыватнасці, справу Мікалая Аўтуховіча, якога першым разам абвінавацілі ў тэраррызме. Саннікаў нагадаў, як эксперт АБСЕ нямецкі юрыст Марцін Фінке ў Мінску выдаў вердыкт: расследаванне было ідэальным, абвінавачванні справядлівыя, абвінавачаны сапраўды падазраецца ў тэрарызме. "Потым быў суд над Аўтуховічам. Доказы рассыпаліся, таму што яны былі сфальсіфікаваныя, а сама справа сфабрыкаваная. Пазней Аўтуховіча пасадзілі ў турму, але абвінавачванне ў тэрарызме знялі", — сказаў Саннікаў.
Таксама палітэмігрант заявіў, што АБСЕ адыграла негатыўную ролю ў расследаванні са смерцю яго паплечніка Алега Бябеніна. Ён нагадаў, што камісія АБСЕ прызнала слушнай афіцыйную версію пра самагубства Бябеніна. Тым часам яго паплечнікі мяркуюць, што гэта было забойства.
Палітык адзначыў, што вяршэнства закона — вельмі небяспечнае вызначэнне пры дыктатуры, бо яна прыдумляе ўласныя законы і заяўляе, што кіруецца імі, а не міжнародным правам.
Фота — nn.by