Аўстралія ў агні: прычыны, фэйкі і прагнозы

Reuters
Reuters

Пра пажары ў Аўстраліі за апошні тыдзень не напісаў толькі лянівы. Сацсеткі лаюць аўстралійскіх пажарных, спачуваюць людзям, жахаюцца колькасці загінулых жывёл. Асабліва песімістычныя настойваюць, што на Зямлі пачынаецца пірацэн — Эра агню. Мы вырашылі праверыць галоўныя сцверджанні пра "Вялікі аўстралійскі пажар" і аддзяліць праўду ад фэйкаў.

 

Калі ўсё гэта пачалося

СМІ сталі стракацець гучнымі загалоўкамі пра лясныя пажары ў Аўстраліі з тыдзень таму: "Загінулі сотні каал", "Сідней зацягнула дымам", "Полымя памерам з Манхэтэн", "Як пажары губяць Аўстралію", "У агні загінула паўмільярда жывёл". Але ў самой Аўстраліі аб тым, што пажары сёлета асаблівыя, пачалі пісаць яшчэ ў верасні 2019 года.

 

Невясёлыя карцінкі

Жахлівыя фатаграфіі з заклікамі выратаваць Аўстралію апанавалі стужкі сацсетак. Адзін з самых запамінальных — здымак палаючага мацерыка, пра які пішуць як пра фота з космасу. На самай справе гэта не фота, а інфаграфіка: фатограф з Брысбена Энтані Херсі ўзяў спадарожнікавыя звесткі НАСА пра пажары і прадставіў іх у выглядзе 3D-візуалізацыі.

Австралия в огне: причины, фейки и прогнозы
instagram.com/anthony_hearsey

Таксама, каб прыцягнуць увагу да праблемы аўстралійскіх пажараў, некаторыя скарысталіся фоташопам. Набрала папулярнасць выява, на якой дзяўчынка стаіць у вадзе ў абдымку з каалай, а за яе спінай палае лес, — яна складаецца адразу з некалькіх фатаграфій. Шэра-аранжавыя аблокі, напрыклад, узяты са здымка вывяржэння вулкана на Гаваях.

Австралия в огне: причины, фейки и прогнозы
instagram.com/thuie

У Сібіры летам таксама былі пажары. Аўстралійскія сур'ёзнейшыя?

Лясныя пажары ў Аўстраліі — звычайная рэч. Улетку на кантыненце вельмі горача — слупок тэрмометра часта перасякае адзнаку 40 градусаў па Цэльсію — і вельмі мала дажджоў. Каб падпаліць эфірныя алеі, якія ў гэтых умовах вылучае эўкаліптавы лес, дастаткова іскры.

Аднак у гэтым сезоне ў Аўстраліі гарачэй, чым звычайна: краіна перажывае рэкордную за апошнія дзесяцігоддзі засуху. Адсюль і ўражальныя маштабы пажару. Згарэла ўжо 8,4 млн га — гэта супастаўна з плошчай Аўстрыі, не пераблытайце!

Сайт Statista параўнаў маштабы аўстралійскіх пажараў з леташнімі амазонскімі і сібірскімі, а таксама каліфарнійскімі 2018 года. З восені ў Аўстраліі агонь ахапіў большую плошчу, чым ва ўсіх гэтых пажарах разам узятых.

Австралия в огне: причины, фейки и прогнозы
statista.com

Дым ад пажараў ужо дасягнуў поўдня Бразіліі, паведаміла 8 студзеня бразільская метэаралагічная кампанія MetSul. Раней дым ад пажараў у Аўстраліі метэаролагі заўважылі ў Чылі і Аргенціне. А ад Аўстраліі да Паўднёвай Амерыкі каля 10 тысяч км!

 

Прыродзе і праўда нанесена непапраўная шкода?

7 студзеня Сусветны фонд дзікай прыроды (WWF) апублікаваў сумную статыстыку: агонь у Аўстраліі мог прывесці да гібелі каля 1,25 млрд жывёл. Але трэба адзначыць, што гэтая лічба — прыблізная. Яна была разлічана з выкарыстаннем метадалогіі, якая ацэньвае ўплыў расчысткі зямель на аўстралійскую дзікую прыроду.

Сярод жывёл, якія маглі загінуць, больш за 8 тысяч каал. Аднак каалы не знаходзяцца на мяжы вымірання: да пажараў іх папуляцыю ацэньвалі прыкладна ў 28 тысяч асобін. А вось такія віды, як вузканогая сумчатая мыш і бурагаловы жалобны какаду, якія пражываюць толькі ў Аўстраліі, могуць знікнуць. У СФДП лічаць: лясам спатрэбяцца дзесяцігоддзі, каб аднавіцца пасля пажараў такога маштабу.

Гараць не толькі лясы, але і цэлыя гарады. Больш за ўсіх пацярпеў самы густанаселены штат Новы Паўднёвы Уэльс: там разбурана больш за 1,5 тысячы дамоў. За час пажараў загінулі як мінімум 26 чалавек.

 

Ці дастаткова мер, якія прымаюцца?

З агнём зараз змагаюцца тысячы аўстралійскіх пажарных. Дапамагаюць ім калегі з ЗША, Канады, Новай Зеландыі. Рызыкуюць жыццём добраахвотнікі, якім прэм'ер-міністр Аўстраліі паабяцаў 4200 долараў за дапамогу ў тушэнні пажараў на працягу больш як 10 дзён. Але і гэтага аказалася недастаткова: у канцы мінулага тыдня ўлады Аўстраліі мабілізавалі каля 3 тысяч рэзервістаў. Гэта самы буйны прызыў за ўсю гісторыю краіны.

Дзеянні ўрада, які аказаўся не гатовы да такіх маштабных пажараў, крытыкуюць не толькі канапавыя эксперты з нашых шырот, але і самі аўстралійцы. Вось адзін з самых папулярных запісаў у групе пра Аўстралію на Reddit:

"Ніхто не мог прадказаць такое, кажа ўрад. Але ж эксперты папярэджвалі яго пра пажары ў 1988, 1993, 1998, 2001, 2004, 2009, 2010, 2011, 2012, 2013, 2014, 2015, 2016, 2017, 2018 і 2019 гадах".

Австралия в огне: причины, фейки и прогнозы

У аўстралійскіх лясах і праўда няма супрацьпажарных прасек, як у нас?

Звыклыя для нас прасекі ў Аўстраліі ёсць. Але яны не такія эфектыўныя для супрацьстаяння пажарам, як у беларускіх лясах. Чаму? Фронт агню ў эўкаліптавым лесе распаўсюджваецца нашмат хутчэй, чым у змешаным або хвойным, тэмпература гарэння значна вышэйшая, а эўкаліпт, які гарыць, "страляе" вуглямі на адлегласць да 400 метраў.

Распаўсюджванню агню спрыяе не толькі сухое надвор'е, але і "чалавечы фактар". Паліцыя штата Новы Паўднёвы Уэльс падала ў суд на 183 чалавекі за злачынствы, звязаныя з ляснымі пажарамі.

 

Што будзе з пажарамі далей

Нягледзячы на лёгкі дождж, які прайшоў днямі, прагнозы датычна пажараў несуцяшальныя. Летні сезон на мацерыку толькі пачаўся. На гэтым тыдні сіноптыкі прадказваюць пагаршэнне ўмоў надвор'я: 40 градусаў гарачыні і моцны вецер у штатах Новы Паўднёвы Уэльс, Вікторыя і Паўднёвая Аўстралія.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі