Аўтар “Самоты ў сеціве” шкадуе, што яго не перакладаюць на беларускую
Пра гэта польскі пісьменнік Януш Лявон Вішнеўскі сказаў на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
17 жніўня ў беларускай сталіцы адбылася прэзентацыя яго новай кнігі “На фэйсбуку з сынам”. Вішнеўскі сказаў, што прыехаў у Беларусь ужо ў трэці раз. Ён шкадуе, што яго не перакладаюць на беларускую мову, хоць ён ведае, што тут яго кнігі папулярныя, паведамляе БелаПАН.
“Ва Украіне, напрыклад, ёсць выданні па-ўкраінску. Там прадаюцца і па-руску, і па-ўкраінску мае раманы. Наклады на ўкраінскай меншыя, але яны таксама раскупляюцца”, — адзначыў пісьменнік.
“Я быў у вашых кнігарнях — у вас вельмі мала кніг на беларускай мове. Што аб’ядноўвае людзей у краіне? Агульная гісторыя, агульная мова і агульны вораг. Я не магу зразумець, чаму ў вас так мала беларускай мовы. Чаму так шмат рускай? Можна жыць у дзвюх мовах. Так жывуць ва Украіне, напрыклад. Я разумею, ведаю пра вашу гісторыю. Але ў мяне ёсць адчуванне, што ў вас беларуская мова не раўнапраўная з рускай. Яна — фон вашага жыцця, а на першым плане руская. Як так здарылася, што ў вашай краіне дамінуе не ваша родная мова?” — здзівіўся папулярны белетрыст.
Ён таксама запэўніў, што з задавальненнем падпіша кантракт з перакладчыкам, які возьмецца за пераклад яго кніг на беларускую мову.