Бахарэвіч не раіць кэнсэліць культуру — і рускую таксама
Беларускі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч — не прыхільнік кэнсэлінгу культуры, незалежна ад таго, на якой мове яна створаная.
— Я лічу, што культуру забараніць нельга. Калі з Расіі ідзе нейкая культура, дык яе не варта забараняць. Аднак з Расіі не заўсёды ідзе культура, у асноўным — прапаганда і разбуральны маскульт.
Я разумею ўкраінцаў, у іх сітуацыі татальная дэрусіфікацыя — апраўданы крок. Гэта ваенная стратэгія. Але Беларусь — не Украіна. Мы знаходзімся ў сітуацыі вайны, але не той вайны. Мы таксама, можа, ваюем з Расіяй, але гэта іншы фронт.
Бахарэвіч пракаментаваў і “кэнсэлінг” расійскага кінакрытыка Антона Доліна з боку беларускага фэйсбука і розгалас вакол фестывалю “Прадмова”. Ён нагадвае тым, хто надта апантана крытыкаваў метады арганізатараў, што “Прадмова” сёння — гэта адзіны шанс беларускага літаратара сустрэцца са сваім чытачом.
— Фестываль “Прадмова” — фестываль у выгнанні, адзіны фестываль незалежнай беларускай культуры на сёння. Апаненты паставіліся да яго так, нібыта мы збіраемся правесці яго недзе ў Мінску ў Палацы мастацтваў. Урачыста, як мы гэта рабілі яшчэ некалькі гадоў таму. Людзі проста не разумеюць, што гэта адзіная магчымасць для беларускай кнігі сустрэцца з чытачом.
Мы не мусім глядзець на гэта ўкраінскімі ці расійскімі вачыма. Мы мусім глядзець на гэта беларускімі.
Але ж пераймацца пытаннямі каланізацыі з боку Расіі варта. І ў Бахарэвіча ёсць парада, якой зброяй з гэтай каланізацыяй варта змагацца.
— Доўгія гады мы казалі, што Беларусь трэба ўспрымаць у посткаланіяльным кантэксце. Цяпер прыйшоў час зноў гаварыць пра Беларусь у каланіяльным кантэксце. Мова — найлепшая зброя ў дадзены момант.
Мне цяжка аналізаваць, што адбываецца цяпер у Беларусі. Усю інфармацыю я атрымліваю ад сяброў, ад калег. Але ўсе яны мне расказваюць, што беларускай мовы паболела ў Мінску. Нас будзе цяжка асіміляваць. Цяжка будзе вярнуць новае пакаленне ў імперыю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.