Бальніца пазбавіла пенсіянера статусу ветэрана і льгот на лекі

Да нядаўняга часу жыхару Давід-Гарадка выпісвалі льготныя рэцэпты, паводле якіх лекі ён атрымліваў бясплатна. Аднак рашэннем загадчыцы бальніцы Столінскага раёна яго пазбавілі такой магчымасці. Лекар бальніцы палічыў, што Міхаіл Марэйка не мае права на бясплатныя лекі, таму што не з'яўляецца ветэранам Вялікай Айчынай Вайны.

Як паведаміў Еўрарадыё брэсцкі праваабаронца Уладзімір Малей, пенсіянер сапраўды не ваяваў з "Трэцім рэйхам", аднак быў удзельнікам падаўлення "Венгерскага паўстання" ў 1956 годзе. Паводле савецкага і беларускага заканадаўства, салдаты-ўдзельнікі тых падзеяў прыраўноўваюцца ў правах да ветэранаў ВАВ. Апроч таго, былы сяржант Міхаіл Марэйка, які быў машыністам танка, атрымаў медаль "За адвагу".

Малей: "Абавязак медустановы — не высвятляць, дзе ён (Марэйка. — заўв. Еўрарадыё) удзельнічаў у вядзенні баявых дзеянняў, а выдаваць лекі па прадстаўленні пасведчання, якое ён атрымаў яшчэ пры Савецкім Саюзе ў 1982 годзе. То бок гэта відавочнае парушэнне правоў ветэрана баявых дзеянняў".

Ветэран звярнуўся ў раённую пракуратуру, якая правяла праверку і выявіла парушэнні закону аб ільготах. У ваенкамаце і ў аддзеле сацыяльнай абароны было высветлена, што Міхаіл Марэйка сапраўды з'яўляецца ветэранам. Абапіраючыся на матэрыялы праверкі, пракурор накіраваў пазоў у раёны суд і запатрабаваў спагнаць з бальніцы амаль 490 тысяч рублёў — суму, якую ветэран заплаціў за лекі. Аднак патрабаванні пракурора столінскі суддзя Фёдар Стахавец не задаволіў, працягвае праваабаронца Уладзімір Малей:

"Суд прыняў такое рашэнне, бо нібыта "заключэнні намесніка ваенкамата і аддзелу сацыяльнай абароны — гэта іх асабістае меркаванне, а не заснаванае на законе". Зараз жа мы дамагаемся таго, што патрабаванні пракурора менавіта і былі заснаваныя на законе. Магчыма, іх пракурор на судзе не прадставіў як след".

Як таксама адзначыў праваабаронца, Міхаіл Марэйка накіраваў касацыйную скаргу ў Брэсцкі абласны суд. Ветэран просіць адмяніць рашэнне Столінскага раённага суда і вынесці новае рашэнне.

Фота: 2000.net.ua

Рубрыка “Самаабарона” спецыяльна для праграмы Кардыяграма 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі