Беларус Генадзь Караткевіч у чацверты раз выйграў "Яндэкс.Алгарытм"

Беларус Генадзь Караткевіч у чацверты раз выйграў "Яндэкс.Алгарытм"

Беларус Генадзь Караткевіч у чацверты раз выйграў конкурс праграмавання "Яндэкс.Алгарытм". Раней ён займаў першае месца тры гады запар: у 2013, 2014 і 2015 гадах.

Генадзю Караткевічу 22 гады. Ён нарадзіўся і атрымаў сярэднюю адукацыю ў Гомелі, а пасля паступіў ва Універсітэт ІТМО ў Санкт-Пецярбургу, дзе вучыцца дагэтуль. Дарэчы, у траўні каманда гэтага ўніверсітэта ў сёмы раз перамагла на міжнароднай алімпіядзе па праграмаванні ACM ICPC. Што праўда, беларус у спаборніцтвах не ўдзельнічаў,  бо раней ужо двойчы выйграваў алімпіяду ў складзе універсітэцкай каманды. 

Караткевіч займае першы радок у рэйтынгу спартовых праграмістаў CodeForces. На рахунку Гены — мноства перамог на спаборніцтвах па праграмаванні, уключна з Google Code Jam, VK Cup, Russian Code Cup і Facebook Hacker Cup.

Беларус Генадзь Караткевіч у чацверты раз выйграў "Яндэкс.Алгарытм"
Фота: "Яндэкс"

Як і летась, другое месца ў "Яндэкс.Алгарытме" заняў Нікола Йокіч з Вышэйшай тэхнічнай школы ў Цюрыху, а трэцяе — Макота Саэдзіма, выпускнік Універсітэта Токіо. Абодва ўдзельніка выходзілі ў фінал ACM ICPC у складзе камандаў сваіх ВНУ.

Пераможцы атрымаюць грашовыя прызы: 300 тысяч расійскіх рублёў ($5 тысяч) — за першае месца, 150 тысяч — за другое і 90 тысяч — за трэцяе. 512 ўдзельнікам "Алгарытму", якія паказалі лепшыя вынікі, "Яндэкс" па традыцыі дашле футболкі з сімволікай чэмпіянату.

Заяўкі на ўдзел у сёлетнім конкурсе падалі 4840 чалавек. Больш за 60% з іх — расіяне. На другім месцы па колькасці заявак — Беларусь, далей ідуць Украіна, Індыя і Кітай, паведамляе блог кампаніі "Яндэкс". 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі