Беларус Сілівончык, зняволены ў Расіі, вярнуўся на радзіму
Беларус Кірыл Сілівончык, які адбыў два гады ў калоніі-пасяленні ў Расіі, вярнуўся на радзіму, перадае Радыё "Свабода". Яму на пяць гадоў забаранілі ўезд у Расію.
Сілівончык быў асуджаны па абвінавачанні ў публічных закліках да тэрарызму. Нагодай сталі яго пасты ў сацыяльных сетках у падтрымку Украіны ў расійска-ўкраінскай вайне.
Хлопец прыляцеў у Мінск позна ўвечары 21 снежня з Масквы. Яго сустракалі журналісты і сястра Кацярына.
Раней паведамлялася, што Сілівончыка затрымалі адразу па выхадзе з калоніі-пасялення. Яго адвезлі ў ізалятар для замежнікаў, адкуль і дэпартавалі на радзіму. Хлопец распавёў, што з ізалятара яго везлі дзевяць гадзінаў у кайданках. Па яго словах, расійскія праваахоўнікі ставіліся да яго паважліва, не было ні катаванняў, ні пагрозаў.
Сілівончык падзякаваў усім за падтрымку. Хлопец мяркуе, што звесткі пра яго справу ў прэсе дапамаглі пазбегнуць зацягнутага сядзення ў міграцыйнай турме, што магло зацягнуцца на некалькі месяцаў.