Маці асуджанага за “тэрарызм” беларуса: Сказалі, была наводка з Беларусі

Блізкія беларуса Кірылы Сілівончыка не прысутнічалі ў Маскоўскім акруговым вайсковым судзе падчас вынясення прысуду. Абвінавачаны сам пра гэта прасіў.

Нагадаем, што ў пачатку красавіка грамадзяніна Беларусі пакаралі за запіс, прысвечаны вайне ва Украіне. У прыватнасці, як паведамляюць у судзе, крамольны пост утрымліваў словы “Забівай маскалёў! Зладзім рускім наймітам пекла на іх зямлі — узарвем іх дамы, заб’ем іх сем’і!”  Гэтую публікацыю ў Расіі расцанілі як “тэрарыстычную дзейнасць”. Кірылу Сілівончыку далі два гады калоніі-пасялення.

Кірыл Сілівончык працаваў на расійскім вайсковым заводзе

Як распавядае Наталля Віктараўна, маці асуджанага, па тэлефоне сын коратка дзяліўся эмоцыямі, як яму прыходзіцца ў расійскім СІЗА.

“Ён сказаў: “Тое, што я перажыў — не дай Бог гэта некаму пажадаць”. У яго там апусціліся рукі, была дэпрэсія. Я на яго сварылася, крычала, падтрымлівала”, — апавядае Еўрарадыё Наталля Віктараўна.

Тым не менш Кірыл адразу скеміў, што даказаць сваю невінаватасць у яго не атрымаецца. Беларус ужыў тактыку, каб ва ўсім прызнацца, супрацоўнічаць са следствам і такім чынам атрымаць наймякчэйшы прысуд. Так яно і выйшла. У горшым выпадку Сілівончык мог атрымаць і пяць гадоў пазбаўлення волі.

Да затрымання Кірыл працаваў сістэмным адмінам на абаронным прадпрыемстве ў Ніжнім Ноўгарадзе. Пры такой пасадзе беларус дазваляў сабе смелыя пасты ў сацсетках і адкрываў сваю старонку для ўсіх ахвотных.

“Я размаўляла з людзьмі, якія блізкія да гэтай справы. Яны сказалі, што была наводка з Беларусі. А яго там проста паслі. І вось ён выкінуў гэты допіс — і яго хутка затрымалі. Такія ў мяне звесткі былі”, — кажа маці асуджанага. 

Наталля Віктараўна прызналася і ў тым, што абмяркоўвала з сынам яго антырасійскі допіс:

“Я казала: “Як ты мог гадзіць на тое месца, дзе ты знаходзішся? Працу далі, зарплату далі, там ты жывеш — як ты мог да такога дадумацца!” Ён сказаў: “Што зроблена — тое зроблена, за гэта давядзецца адказаць!”

Пры гэтым, па словах мамы, ва Украіне Кірыл Сілівончык ніколі не быў і нават расійскія следчыя ўпэўніліся, што ні ў якія супрацьзаконныя і нават легальныя палітычныя арганізацыі сын ніколі не ўваходзіў. Проста няўдала выказаў сваю пазіцыю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі