"Беларусь ужо з'яўляецца часткай вайны" — Кізім адказаў Алейніку
Аляксандр Лукашэнка правярае вытворчасць для ВПК
Амбасадар па асаблівых даручэннях МЗС Украіны па Беларусі Ігар Кізім пракаментаваў заяву міністра замежных спраў РБ Сяргея Алейніка. У прыватнасці, апошні сцвярджае, што нейкія краіны спрабуюць "прымусіць Мінск стаць часткай канфлікту" ва Украіне.
"Хацелася б адзначыць, што Беларусь ужо з'яўляецца часткай вайны (у разуменні крамлёўска-беларускай прапаганды — "канфлікту") з 24 лютага 2022 года", — піша Кізім у Facebook.
Ён нагадаў словы Аляксандра Лукашэнкі, што гэта "саюзніцкія абавязацельствы" прымусілі яго дапамагаць расійскай агрэсіі зброяй, тэхнікай і стаць яе саўдзельнікам. "Хіба гэта не робіць Беларусь "часткай канфлікту"?", — пытаецца Ігар Кізім. А яшчэ "цяпер увесь беларускі вайскова-прамысловы комплекс працуе на расійскі ВПК".
Словы Алейніка аб тым, што Беларусь "ніколі не стварала праблем суседзям" Кізім назваў крывадушнасцю. "Гэта значыць наданне тэрыторыі для ўварвання расійскай арміі ва Украіну (краіна-сусед з агульнай мяжой), вайсковай інфраструктуры для нанясення ракетна-бомбавых удараў, пастаўкі ў расійскае войска боепрыпасаў, тэхнікі і да т. п. гэта "не стварае праблем для суседзяў"?", — пытаецца ўкраінскі дыпламат.
Ігар Кізім падкрэслівае, што ў такой сітуацыі Беларусь не можа быць пляцоўкай для перамоваў па мірным урэгуляванні, што ў чарговы раз прапануе міністр замежных спраў РБ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.