Беларус жыве ў Лондане і робіць васковыя фігуры для Музея мадам Цюсо
Беларускі мастак Арцём Малахоўскі жыве ў Лондане і робіць скульптуры для музея мадам Цюсо. У сталіцу Вялікабрытаніі ён пераехаў каля 8 гадоў таму з жонкай, цяпер ужо былой.
"Калі б я застаўся ў Мінску, у мяне б не было ніякай перспектывы. Я не скончыў Акадэмію мастацтваў. Калі няма дыплома, цябе не бяруць у Саюз мастакоў, а калі ты не ў Саюзе, ты нідзе", — распавядае Арцём у артыкуле для KYKY.org.
У Лондане ён адразу напісаў ліст у Музей мадам Цюсо. У той момант яны не набіралі кадры, але праз нейкі час праца для Арцёма ўсё ж знайшлася. "У Цюсо табе спачатку робяць двухтыднёвы экзамен: лепіш партрэт на заказ. Я ляпіў Ангелу Меркель, проста твар, без валасоў, — прыгадвае Арцём. — Для валасоў ёсць дэпартамент hair and coloring — там сядзіць дзесьці 30 дзяўчынак, якія індывідуальна ўстаўляюць валасінку за валасінкай ў воск".
Пасля іспыту беларускага мастака ўзялі ў музей. Ён лепіць фігуры знакамітасцяў. "Кантракт звычайна падпісваецца на адну фігуру. Здаецца, у мяне было трыццаць кантрактаў за ўвесь час. Са знакамітасцяў я рабіў Джона Траволту, Хана Сола з "Зорных Войнаў", Робіна Уільямса. Але часцей гэта былі людзі, якіх мы амаль не ведаем. Напрыклад, год назад я рабіў карэйскага спевака і акцёра Чхве Шы Вона", — распавядае хлопец.