Беларуса асудзілі на год папраўчых работ за абразу памежнікаў
Судом скончыўся канфлікт жыхара вёскі Вербавічы Нараўлянскага раёна Гомельшчыны і памежнікаў Мазырскага атрада, паведамляе сайт Памежнага камітэта.
Канфлікт адбыўся ў лістападзе 2016 года. Памежнікі запатрабавалі ў мясцовага жыхара паказаць пашпарт. Нецвярозы мужчына ў адказ абразіў памежнікаў. Па гэтым здарэнні на яго пачалі крымінальную справу.
Суд над жыхаром Вербавічаў адбыўся 31 студзеня. За абразу прадстаўніка ўлады 32-гадовага мужчыну асудзілі на адзін год папраўчых работ з утрыманнем 15% заробку.
Паведамляецца, што ў 2016 годзе памежнікі Мазырскага атрада зафіксавалі больш за дзясятак выпадкаў непадпарадкавання прадстаўнікам улады пры выкананні сваіх службовых абавязкаў па ахове дзяржмяжы. Адзначаецца, што вінаватых у гэтых парушэннях паркаралі адміністратыўнымі штрафамі.