Беларуска адсудзіла кампенсацыю за свой незаконны арышт

Беларуска адсудзіла кампенсацыю за свой незаконны арышт

Беларуска адсудзіла ў дзяржавы кампенсацыю за свой арышт, паведамляе "Белсат".

Таццяну затрымалі падчас жаночага маршу ў верасні 2020-га. Суддзя Алена Капцэвіч прысудзіла ёй 9 сутак арышту, хаця ў жанчыны ёсць непаўналетняе дзіця, і кодэкс забараняе караць яе арыштам. Аспрэчыць пастанову з турмы Таццяна не змагла, але перадала запіску мужу, каб той звярнуўся да адваката. Адвакат ад яе імя аспрэчыў пастанову.

На другім пасяджэнні суд замяніў пакаранне з арышту на папярэджанне, але да таго часу яна ўжо адседзела шэсць дзён — 2 дні ў ІЧУ і 4 дні ў турме. 

НА Акрэсціна і ў Жодзіне, па яе словах, у зняволеных забіралі матрацы, адключалі ваду, хамілі ды крычалі, палохалі сабакам, пагражалі фізічным гвалтам. Таццяне было млосна, яе трэсла, у яе былі панічныя атакі ды іншыя псіхасаматычныя праявы. У пазове яна напісала, як баялася, што яе вывезуць у невядомым напрамку і павесяць, а сваякі не змогуць адшукаць яе цела. 

У Жодзіне жанчына вяла дзённік, дзе запісвала ўсе парушэнні і катаванні ў камеры. Але дзяжурны ІЧУ забраў у яе запісы і накрычаў на яе.

Пасля вызвалення Таццяна была вымушаная звярнуцца па дапамогу да псіхолага. Арышт цяжка адбіўся і на яе маленькай дачцэ: "Стрэс, які перанесла мая дачка ў сувязі з маёй доўгаю адсутнасцю, яе моцная постстрэсавая рэакцыя на расстанне прынеслі мне глыбокія маральныя пакуты, бо для мяне няма нічога важнейшага за маю сям’ю".

Жанчына сутыкнулася і з праблемамі ў працы. Яна юрыстка, мусіць кантактаваць з міліцыянтамі. Але кожны раз у яе пачынаюцца псіхасаматычныя праявы страху нават ад нядоўгай размовы.

У сваім пазове Таццяна патрабавала кампенсаваць ёй 5000 рублёў за маральныя страты, 118,18 рублёў — дзяржаўнае мыта, 743,44 рублі — за псіхалагічнае тэставанне, якое выявіла ў яе праблемы з псіхалагічным станам.

Але суддзя пастанавіў, што за псіхалагічнае тэставанне трэба вярнуць 250 рублёў, а кампенсацыя за маральныя і матэрыяльныя страты павінна скласці 500 рублёў. У астатніх патрабаваннях Таццяне адмовілі.

Тым не менш жанчына і гэта лічыць перамогай: "Закон наўпрост кажа, што я мушу нешта атрымаць. Я разумела, што суму паменшаць у кожным разе. Звычайна за маральную шкоду ад дзяржавы змяншаюць у дзесяць разоў. У мяне так і атрымалася".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі