Беларускаму пілоту расійскай авіякампаніі стала кепска падчас палёту
Рэйс авіякампаніі "Победа" / pobeda.aero, ілюстрацыйнае фота
Беларускі пілот расійскай авіякампаніі "Победа" страціў прытомнасць у палёце падчас рэйса Махачкала — Санкт-Пецярбург. Самалёт давялося аварыйна вяртаць у аэрапорт вылету, піша тэлеграм-канал "Mash Gor".
Здарэнне адбылося зранку 13 снежня на рэйсе DP 505. Беларус Аляксандр быў другім пілотам. Яму стала кепска адразу пасля набору вышыні.
Паведамляецца, што сімптомы нагадвалі прыступ эпілепсіі: у пілота пачалася сутарга рук і ног, ён не кантраляваў свае дзеянні.
Сам Аляксандр, як перадае ТГ-канал, заявіў, што такое з ім здарылася ўпершыню. Усе даведкі ў яго таксама ў парадку. Следчыя, аднак, падазраюць, што мужчына мог хаваць захворванне. Супраць пілота і медыкаў кампаніі, адказных за перадпалётны агляд, пачалі праверку. Беларуса адхілілі ад палётаў, яму пагражае страта ліцэнзіі.
Тым часам ТГ-канал "Авіятаршчына" заяўляе, быццам пілот страціў прытомнасць і з высокай тэмпературай быў дастаўлены ў інфекцыйную больніцу. Там яго паклалі ў каранцін.
Пра шпіталізацыю лётчыка пад наглядам медыкаў піша і сайт "Фонтанка".
У прэс-службе "Победы" падкрэсліваюць, што пагрозы жыццю і здароўю пасажыраў не было.
Рэйс прыбыў у Санкт-Пецярбург з сямігадзінным спазненнем. Кіраваў самалётам рэзервовы экіпаж.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.