Беларускі рэстаран у Токіа: Японцы любяць селядзец і дранікі пад піва
Дырэктар “Мінска” расказвае, як японцы ставяцца да беларускай кухні, што іх шакіруе ў нашых стравах і ці ўдаецца ім есці дранікі палачкамі.
“Толькі што прайшоў міма рэстарана “Беларуская хатняя кухня”, тут, у Токіа. Свет робіцца больш шчыльным. На жаль, у мяне ўжо запланаваная вячэра”, — напісаў у сваім твітары на пачатку гэтага года міністр замежных спраў Швецыі Карл Більт.
Хутчэй за ўсё, гэта быў рэстаран “Мінск”, які працуе ў Токіа з 2002 года і пра які ўсё часцей чуваць у Краіне ўзыходзячага сонца.
Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці падабаюцца беларускія стравы японцам, у дырэктара рэстарана Вікторыі Барысюк.
Еўрарадыё: Вікторыя, распавядзіце пра гісторыю рэстарана “Мінск” у Токіа.
Вікторыя Барысюк: Сюды я прыехала 13 гадоў таму. Краіна спадабалася адразу. Было адчуванне, нібыта я раней тут ужо была. Асаблівых праблем не было. Вельмі прыемныя людзі. Сапраўды, вельмі працавітыя. Мне пашчасціла пазнаёміцца з чалавекам, які да гэтага часу з’яўляецца кіраўніком кампаніі, у якой я працую і ад якой змагла адкрыць рэстаран.
У мяне не было планаў адкрываць рэстаран. Але мой кіраўнік акурат сам займаўся рэстаранамі. І калі ён даведаўся, што я з Беларусі, то першае пытанне было пра тое, а ці ёсць беларускі рэстаран у Токіа. Ва ўсёй Японіі, а асабліва ў Токіа, культ ежы. Кажуць, што ў сталіцы ёсць кухні ўсяго свету. Тым не менш беларускага рэстарана тут не было, бо і ва ўсім свеце беларускія рэстараны — рэдкасць… Пасля размовы з ім прайшло літаральна паўгода, мы знайшлі памяшканне, і я прайшла выпрабаванне на ўменне гатаваць. Трэба было накарміць каля 10-12 чалавек.
Еўрарадыё: Ці змагаецца ваш рэстаран за зоркі Мішлена? Ці гэта месца для ўсіх, так бы мовіць?
Вікторыя Барысюк: Не, мы не змагаемся за зоркі. Тут вельмі складана змагацца. Мне падаецца, што тут на кожнага жыхара Токіа два-тры рэстараны. Іх вельмі шмат. І паўсюль вельмі смачна. Бізнес тут закрываецца вельмі хутка, калі не прыносіць даходаў.
Еўрарадыё: Але ў вас атрымліваецца канкураваць з іншымі рэстаранамі. “Мінск” працуе ад 2002 года.
Вікторыя Барысюк: Так, трымаемся. Усё звязана з тым, што мы робім хатнюю ежу. Гэта была з самага пачатку ідэя вельмі правільная і добрая, бо ў астатніх рэстаранах працуюць прафесійныя кухары, якія ўвесь час спрабуюць зрабіць нешта новае. Мы падаём кухню, якую людзі ядуць кожны дзень і яна ім не надакучвае. У гэтым адрозненне прафесійнай кухні ад хатняй. Але пэўны час мы таксама шукалі залатую сярэдзіну паміж нашым густам і густам японцаў.
Еўрарадыё: Распавядзіце крыху пра меню.
Вікторыя Барысюк: Было складана здагадацца, што ім спадабаецца. Спачатку я рабіла тое, што добра ўмею гатаваць. І першы год мне дапамагала мая старэйшая сястра. Мы разам гатавалі, часам тэлефанавалі маці з пытаннем, колькі чаго трэба. Вось з гэтага ўсяго мы і пачыналі працаваць над прафесійнымі рэцэптурамі.
Было крыху складана выбраць з беларускай кухні тое, што будзе вяртаць да нас наведнікаў. Стравы мусяць быць нятлустыя, бо японская кухня вельмі лёгкая. Таму мы спрабавалі не толькі з кніг браць рэцэпты, тым больш што тут няма вялікай колькасці гародніны або яна з цяпліц.
Еўрарадыё: Дарэчы, адкуль вы прывозіце гародніну?
Вікторыя Барысюк: Мы не можам сабе дазволіць гародніну з Беларусі. Мы працуем на тым, што мы змаглі знайсці тут. 12 гадоў таму была вялікая праблема, напрыклад, з буракамі, са смятанай. Фактычна, тут няма смятаны, бо японцы яе не любяць. Тут нельга настойваць на тым, як правільна есці канкрэтную страву. Трэба шукаць залатую сярэдзіну.
Еўрарадыё: Парайце, чым частаваць гасцей з Японіі, якія прыедуць у Беларусь.
Вікторыя Барысюк: Усе японцы вельмі любяць селядзец пад футрам. Мы яго, зразумела, як беларускую страву не рэкламуем, але яго вельмі часта замаўляюць паўторна. Нумар два — гэта дранікі, звычайныя, з бульбы, а таксама з мясам, грыбамі. Яны вельмі папулярныя. Націраем часнаком, паліваем смятанай. Вельмі добра ідзе пад піва.
І вельмі папулярныя стравы з грэчкай. Мы ў гаршчочку запякаем грэчку з белымі грыбамі і са смятанай. Японцаў вельмі здзіўляе, што ў Беларусі ядуць грэчку. Ім падаецца, што грэчка ёсць толькі ў іх. Калі мы прыносім страву і кажам, што гэта грэчка, то ў японцаў звычайна бывае шок.
Таму мы ім расказваем тут пра інгрэдыенты, якія выкарыстоўваем у беларускай кухні.
Еўрарадыё: А няўжо тыя самыя дранікі ядуць палачкамі?
Вікторыя Барысюк: Не, натуральна, у нас ядуць лыжкамі і відэльцамі. Але палачкі ў нас таксама ёсць.