Беларускія біятланісткі Ганна Сола і Ірына Лешчанка прапусцяць сезон
Беларускія біятланісткі Ганна Сола і Ірына Лешчанка (Крыўко) прапусцяць сезон. Яны сышлі ў дэкрэтны адпачынак. Пра гэта піша "Чэмпіянат" са спасылкай на старшага трэнера зборнай Беларусі па біятлоне Алега Рыжанкова. Раней паведамлялася толькі пра тое, што Сола і Лешчанка не паедуць "па асабістых прычынах" на Кубак Садружнасці ў Сочы.
26-гадовая Ганна Сола — бронзавы прызёр чэмпіянату свету 2021 года ў спрынце, а 31-гадовая Ірына Лешчанка — алімпійская чэмпіёнка 2018 года ў эстафеце. Сола — адзіная ў зборнай Беларусі па біятлоне не стала падпісваць праўладны ліст спартсменаў.
Як вядома, біятланісты з Беларусі, як і з Расіі, адхіленыя ад усіх міжнародных спаборніцтваў з 24 лютага — пачатку вайны РФ супраць Украіны. У выніку яны ўдзельнічаюць у сумесных турнірах. Нядаўна ў беларускай зборнай была ўспышка каранавіруса.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.