Беларускія дэмсілы дабіваюцца статусу назіральніка ў ААН
Аддзяленне ААН у Вене
Амерыканскія сенатары Джын Шахін і Роджэр Уікер спрабуюць дапамагчы беларускім дэмакратычным сілам атрымаць статус пастаяннага назіральніка ў ААН. Яны, у прыватнасці, звярнуліся да прадстаўніцтва Злучаных Штатаў Амерыкі ў гэтай арганізацыі і папрасілі падтрымаць заяўку беларусаў. Пра гэта расказвае агенцтва "Пазірк".
Сенатары нагадалі, што з 1946 года арганізацыя дазваляе бакам, якія не з'яўляюцца яе чальцамі, удзельнічаць у сесіях і працы Генеральнай Асамблеі. Такая практыка, падкрэслілі парламентарыяў, "спрыяе павышэнню аўтарытэту тых, хто верыць у міжнародны парадак, заснаваны на правілах". Яны таксама адзначылі, што просяць аб статусе для беларускіх дэмсілаў "ад імя больш чым 1 500 палітычных зняволеных, якіх аўтарытарны рэжым у Беларусі трымае ў турме, і для таго, каб голас народа Беларусі быў пачуты міжнароднай супольнасцю". Шахін і Уікер з'яўляюцца заснавальнікамі кокуса "Свабодная Беларусь" у Сенаце ЗША. Ім ужо падзякаваў за падтрымку намеснік кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета (АПК), прадстаўнік па замежных справах Валер Кавалеўскі. Ён таксама адзначыў, што атрыманне статусу пастаяннага назіральніка ў ААН стала б для беларускіх дэмсілаў "лагічным развіццём намаганняў па інстытуцыяналізацыі адносінаў з партнёрамі".
Кавалеўскі нагадаў, што ўжо працуюць кантактная група ў Радзе Еўропы, кансультатыўная група ў Еўрапейскай службе замежных дзеянняў, стратэгічны дыялог з Дзярждэпартаментам ЗША, наладжанае супрацоўніцтва з Еўрапарламентам, створаны Альянс дэмакратычнай Беларусі з дзясяткамі парламентаў, развіваецца палітычны дыялог з NATO. "Гэтыя механізмы забяспечваюць пастаянную прысутнасць Беларусі ў міжнародным парадку дня, што прыводзіць да практычных рашэнняў і крокаў нашых партнёраў у падтрымку дэмакратычнай, незалежнай, свабоднай Беларусі", — адзначыў Кавалеўскі. Такія інстытуцыйныя стасункі, з яго словаў, падкрэсліваюць, што "суверэнітэт належыць беларускаму народу, а не дыктатару".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.