Беларускія мытнікі знайшлі ва ўкраінца незадэклараваныя $15,3 тысячы (фота)
Беларускія мытнікі знайшлі ва ўкраінца незадэклараваныя 15,3 тысячы долараў. Здарэнне адбылося 9 жніўня ў рэспубліканскім пункце мытнага афармлення “Макраны” на беларуска-ўкраінскай мяжы. 41-гадовы жыхар Валынскай вобласці вяртаўся на радзіму, ён ехаў у якасці пасажыра на аўтамабілі “Shevrolet Aveo”. Мытніку мужчына паказаў 10 тысяч долараў, якія меў пры сабе. З нейкай прычыны было вырашана паглядзець яго асабістыя рэчы, дзе і знайшлася схаваная валюта. Яе забралі да рашэння суда.
З пачатку 2017 года Брэсцкая мытня спыніла 52 спробы незаконнага перамяшчэння наяўных грашовых сродкаў. 23 выпадкі зафіксавалі на беларуска-ўкраінскай мяжы. Без дэкларавання праз мяжу грамадзянін можа правозіць не больш за 10 тысяч долараў, інфармуе прэс-служба Брэсцкай мытні.