Беларускія памежнікі паскардзіліся на абразлівыя і пагрозлівыя жэсты ўкраінцаў
Беларускі памежнік спрабуе разгледзець, што ж яму паказваюць украінцы / vk.com/gpkgovby
Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі выпусціў відэа пра сітуацыю на беларуска-ўкраінскай мяжы. Памежнікі з "Новай Гуты" расказваюць пра тое, што ўзмацнілі ахову мяжы. Паводле іх слоў, украінцамі "дзяржаўная мяжа не ахоўваецца, там знаходзяцца нейкія ваенізаваныя людзі са зброяй, магчыма, тэрабарона".
"Адзначаюцца асобныя выпадкі правакацый з украінскага боку, — кажа начальнік упраўлення памежнага кантроля. — Апошні выпадак — у пункце спрошчанага пропуску "Паддабранка", калі вайскоўцамі сумежнай дзяржавы наводзілася зброя ў бок [беларускіх] памежных нарадаў, абразлівыя жэсты, пагрозлівыя ў бок памежнікаў".
У лютым 2022-га з тэрыторыі Беларусі ва Украіну ўварваліся расійскія войскі. Украінцы не выключаюць, што гэта можа паўтарыцца і рыхтуюцца абараняць сваю зямлю. Беларускія ж памежнікі робяць выгляд, што нічога такога не адбылося і не адбываецца, а яны проста ахоўваюць мяжу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.