Беларусу, які страляў у Польшчы, выставілі абвінавачанне
Акруговая пракуратура ў Гданьску 16 лістапада выставіла абвінавачанні беларусу Сцяпану Свідзерскаму, якога затрымалі ў аўторак пасля страляніны ў Гдыні. У каментары Радыё "Свабода" прадстаўніца пракуратуры паведаміла, што нашага суайчынніка вінавацяць у замаху на забойства. Як паведамляла раней Еўрарадыё, максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкула — пажыццёвае зняволенне.
"На падставе сабранага матэрыялу вядома, што мужчына зрабіў два стрэлы і адзін з іх — у кірунку ахвяры", — распавяла прадстаўніца пракуратуры.
30-гадовы беларус не прызнаўся ў злачынстве, у якім яго вінавацяць. Ён падаў сваю версію падзеяў, якую праваахоўнікі будуць правяраць.
Пракурор вырашыў накіраваць у суд заяву пра часовы арышт затрыманага. Суд разгледзіць гэтую заяву ў пятніцу, 17 лістапада.
Паведамляецца, што інцыдэнт не быў ані канфліктам, ані помстай. Падазраваны меў пры сабе дзве адзінкі зброі, на якую меў дазвол. Страляў ён з пісталета. Як паведамлялася раней, пры страляніне ніхто не пацярпеў.