Суд у Маскве працягнуў арышт беларусу, якога абвінавачваюць у выбухах на БАМе
Сяргей Ерамееў у судзе ў Омску, 2023 год
Грамадзяніну Беларусі Сяргею Еремееву, якога абвінавачваюць у выбухах на БАМе, суд у Маскве працягнуў тэрмін утрымання пад вартай на тры месяцы, паведамляе ТАСС. Ён знаходзіцца за кратамі з пачатку снежня 2023 года, калі быў затрыманы спецназам ФСБ у Омску.
Паспяховая дыверсія адбылася ў канцы лістапада мінулага года. Рух на БАМе цалкам спыняўся (спачатку быў падарваны адзін цягнік, пасля — другі, які адправілі па аб'язной дарозе). "Праз БАМ цяпер вязуць боепрыпасы [для вайны супраць Украіны]. Галоўная мэта была — перашкодзіць руху", — сказаў Ерамееў у судзе.
У сакавіку сёлета стала вядома, што беларус знаходзіцца ў СІЗА "Лефортава" ў Маскве, справу перадалі ў цэнтральны апарат СК РФ. Сяргея Ерамеева абвінавачваюць у тэракце. Яго прывозілі з Расіі на следчыя дзеянні ў Беларусь.
Ерамееў раней працаваў на "Нафтане", удзельнічаў у страйку ў 2020-м, быў звольнены з палітычных матываў. Па версіі ФСБ, ён прывёз на аўтамабілі з Беларусі ў Бурацію магнітныя міны і заклаў іх на цыстэрнах грузавых цягнікоў. Сцвярджалася, што ён нібыта дзейнічаў па заданні іншага беларуса, які жыве ў Літве і "дзейнічае пад кантролем спецслужбаў Украіны". Відаць, менавіта гэтага чалавека шукае расійскае следства.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.