"Беларусы — кінутыя людзі". Валанцёрка зноў не атрымала часовы ВНЖ ва Украіне

Карына Пацёмкіна / "Фэйсбук"
Карына Пацёмкіна / "Фэйсбук"

“Не разумею, як патлумачыць людзям, ад якіх залежыць мая легалізацыя ва Украіне, што да 2021 года я знаходзілася ў Беларусі з пачышчаным тэлефонам, што з усіх доказаў, што я ў сваёй краіне “злачынца” і мне пагражае небяспека, ёсць толькі старонка “УКантакце”, якую СБУ не моцна любіць”, — расказвае Еўрарадыё валанцёрка Карына Пацёмкіна.

У канцы мінулага тыдня беларуска даведалася, што ёй зноў не працягнулі часовы від на жыхарства. Дзяўчына жыве ў Бучы і пасля пачатку поўнамаштабнай вайны зрабіла шмат добрага для жыхароў горада. За дапамогу ўкраінцам у яе нават ёсць падзяка ад мясцовых уладаў.

"Беларусы — кінутыя людзі". Валанцёрка зноў не атрымала часовы ВНЖ ва Украіне

Только благодарности / "Фейсбук"

“Гэта капец. Як увогуле далей жыць?”

Першую адмову ў атрыманні часовага ВНЖ Карына атрымала яшчэ летам, але ўкраінскія чыноўнікі ёй дапамаглі, і валанцёрку не выдварылі з краіны. Тады яна вырашыла паспрабаваць легалізавацца зноў — нічога не атрымалася.

“Гэта цырк, — не хавае эмоцый наша суразмоўніца. — Пасля ануляцыі штампа я пайшла ў Дзяржаўную міграцыйную службу Украіны (ДМС) і сказала, што хачу падацца на абарону як уцякачка. Да гэтага ў сваіх лістах у бучанскую Раду распавядала, што палітычная, што не маю апастыля, іншых дакументаў, што гэта капец. Як увогуле далей жыць?

У ДМС мне сказалі, што ў курсе сітуацыі, параяцца і нешта вырашаць. Праз два тыдні адказ: “Ведаеце, Карына, рабіце сабе дакументы ўсё ж праз валанцёрства. Ва Украіне вайна і вось такая сітуацыя”.

Я, як добры дурань, пайшла і працягнула сабе тэрмін легальны на падставе валанцёрства і на падставе валанцёрства падала дакументы на ВНЖ. 12 верасня занесла ў ДМС дакументы, у мяне іх прынялі, усё ў парадку. Ніхто да мяне не прыходзіў пасля з праверкамі, ніхто не тэлефанаваў, бо ўсе добра ведалі мой кейс. У пятніцу даведалася, што 18 кастрычніка мне адмовілі”.

Карына расказвае, што менавіта 18 кастрычніка яна заязджала з Польшчы, куды ездзіла па справах, ва Украіну. Спачатку ўкраінцы не хацелі яе ўпускаць без дакументаў, яна адказала, што ўжо месяц не можа іх атрымаць і едзе па іх. Тады ў яе праверылі тэлефон і праз чатыры гадзіны ўсё ж дазволілі заехаць.

“Магчыма, мне адмовілі праз тое, што выязджала. Я не чула, што гэтага рабіць нельга. Але нават калі нельга, на працягу 15 працоўных дзён пасля падачы дакументаў у ДМС мне павінны былі выдаць дакументы ці адмовіць. У іх ёсць такі закон. Так, на сайце ДМС напісана, што ў сувязі з ваенным становішчам яны хутка не працуюць, але гэта іх бяда, бо фармальна такога закона не існуе. Атрымліваецца, што там незаконна не падаўжаюць дакументы і, калі чалавеку трэба выехаць па справах, ён аказваецца ў гэтай пастцы.

Цяпер я не разумею, што далей. Калі пасля заезду я магу знаходзіцца тут 180 дзён — гэта паўбяды, але калі павінна выехаць першага лістапада — іншая справа. У выпадку чаго — можна, напэўна, перападацца на ВНЖ, але пасля гэтай усёй гісторыі я ўжо не ведаю, што рабіць”. 

"Беларусы — кінутыя людзі". Валанцёрка зноў не атрымала часовы ВНЖ ва Украіне

В Буче / "Фейсбук"

Збіралася стварыць сваю валанцёрскую арганізацыю

Карына кажа, што пазнаёмілася з беларускай, з якой пасля атрымання дакументаў збіралася стварыць сваю арганізацыю і яшчэ больш актыўна дапамагаць украінцам, але ці патрэбна ім тая дапамога — пытанне. Валанцёрка мае гуманітарную візу. Кажа, што можа паехаць у Еўропу і паспрабаваць зрабіць сабе ВНЖ там, але прызнаецца, што жыць у Польшчы не хоча, бо адчувае, што не зможа адаптавацца.

Пакуль дзяўчыны не было ў Беларусі, да яе прыходзілі з ператрусам. Але ніякіх дакументаў, што гэта адбылося, у яе, вядома, няма, а значыць, што паўплываць на міграцыйную службу “паперамі” таксама не атрымаецца.

“Мне раяць, каб я кудысьці звярнулася і нехта за мяне папрасіў. Але хто ва Украіне за мяне можа нешта папрасіць, калі ўсе палітычныя сілы Беларусі цягнуць коўдру на сябе? То яны — улада, то яны не ўлада. То полк Каліноўскага — улада, то Валерый Кавалеўскі не можа заехаць ва Украіну… Цяпер беларусы — кінутыя людзі, якія засталіся проста са сваімі праблемамі сам-насам. Вось і ўсё”.


Еўрарадыё звярнулася па каментар да праваабаронцаў:

“Днямі выйшла пастанова Кабінета міністраў Украіны, згодна з якой беларусы, у якіх перасталі дзейнічаць легальныя дакументы пасля 24 лютага, могуць легальна знаходзіцца ва Украіне да канца вайны і яшчэ адзін месяц пасля. Таксама ў іх ёсць магчымасць легальна ўязджаць ва Украіну і з’язджаць з яе. Нарэшце гэтае пытанне ўрэгулявалі.

Што тычыцца сітуацыі, у якой апынулася Карына, у Міграцыйную службу ёй было б лепш пайсці з прадстаўніком арганізацыі, ад якой яна валанцёрыла, бо там сапраўды стаўленне да беларусаў можа быць розным, а прадстаўнік з украінскім пашпартам — гэта хоць нейкі шанец на дыялог. Прынамсі, ён можа паручыцца, што ты верыфікаваны беларус, сапраўды дапамагаеш і гэта можа пацвердзіць украінскі бок. Каб працаваць з пытаннем Карыны далей, варта атрымаць афіцыйную паперу з дакладнай прычынай адмовы”.   

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі