“Маск адкрывае космас усім” — што крыецца за поспехам Starship

Starship

Starship / Reuters

13 кастрычніка погляды жыхароў планеты Зямля былі скіраваныя на паспяховае вяртанне з космасу паскаральніка ракеты Starship кампаніі Ілана Маска SpaceX.

Super Heavy booster адправіў карабель у космас і паспяхова вярнуўся на стартавую пляцоўку. А там яго "злавіла" канструкцыя, якую называюць Mechazilla.

Чаму гэтая падзея забрала столькі ўвагі і наколькі яна наблізіла чалавецтва да рэгулярных падарожжаў у космас, Еўрарадыё разабрала з экспертам.

У чым поспех?

“Гэта пяты тэст наймагутнейшай і найбольшай ракеты ў гісторыі чалавецтва — Starship. Мы былі сведкамі пераломных і нештодзённых падзей там, у космасе”, — расказаў Еўрарадыё польскі журналіст Хубэрт Кіек, які займаецца касмічнай тэматыкай. 

“Маск адкрывае космас усім” — што крыецца за поспехам Starship
Хубэрт Кіек / TVN24

Starship — гэта ракета, а таксама транспартны сродак, які ў будучыні мусіць перавозіць людзей і грузы ў космас. Дзякуючы яму мы будзем у стане запускаць складаныя касмічныя караблі.

Падчас апошняга запуску Super Heavy booster быў абсталяваны дадатковым рухавіком, які дазволіў яму ажыццявіць кантраляваны спуск на касмадром, адкуль адбыўся запуск. 

Да таго ж ракета не ўпала, як раней, у Мексіканскі заліў ці яшчэ куды, а прызямлілася туды, адкуль узляцела. Нічога такога ў гісторыі чалавецтва яшчэ не было.

Колькі гэта каштуе?

Кампанія SpaceX робіць стаўку на тое, каб ракеты былі шматразовыя, што панізіць кошт запускаў. Дагэтуль большасць з іх выбухала ў космасе ці заставалася на арбіце. Некаторыя ступені ракет з першых дзён асваення космасу ўсё яшчэ круцяцца вакол Зямлі.

Цяпер жа першая ступень — Super Heavy booster — вярнулася туды, адкуль вылецела. У гэтым выпадку выдаткі рэзка зніжаюцца, бо ракета спыняецца, інжынерныя брыгады могуць пад'ехаць, заправіць яе і адправіць назад у космас.

“Цяпер у нас каля дзясятка стартаў у месяц. Маск хоча, каб ракеты яго касмічнай кампаніі запускаліся некалькі разоў на дзень”, — кажа “касмічны” журналіст Хубэрт Кіек.

Паводле яго, цяпер мы назіраем бурнае развіццё яшчэ адной галіны эканомікі.

“Я маю на ўвазе касмічную палітыку ў шырокім разуменні, даследаванне космасу, але гэта належыць не толькі касмічным агенцтвам, урадам асобных краін і іх інжынерам, якія супрацоўнічаюць з урадам. Маск адкрывае космас усім”.

“Маск адкрывае космас усім” — што крыецца за поспехам Starship
Вяртанне Super Heavy booster / SpaceX

У цяперашні час адпраўка аднаго кілаграма на арбіту каштуе некалькі тысяч долараў. Дзякуючы ракеце Starship людзі скароцяць гэтыя выдаткі да некалькіх дзясяткаў долараў.

“Дзякуючы гэтаму касмічнаму апарату з’яўляецца велізарны эканамічны патэнцыял. Хутка мы зможам адпраўляць складаныя касмічныя караблі, людзей на арбіту, касманаўтаў і турыстаў за яшчэ меншыя грошы”, — кажа журналіст.


Калі ўжо на Марс?

Усе падобныя выпрабаванні, вядома, набліжаюць людзей да падарожжа да “Чырвонай планеты”, але спачатку — да Месяца.

Журналіст Хубэрт Кіек кажа, што Starship мусіць дапамагчы місіі Artemis III, якая адбудзецца ў 2026-м. Амерыканскія астранаўты плануюць прызямліцца на “срэбным шары”. Яны павінны будуць перасесці з касмічнага карабля Orion на Starship, a з яго дапамогай — на Месяц.

“Маск адкрывае космас усім” — што крыецца за поспехам Starship

Унікальнасць у тым, што цяперашнія караблі, якія выводзяць людзей на арбіту, маюць месца толькі для 3-4 чалавек (у некаторых канфігурацыях — да сямі). Але са 100 асобамі ўжо можна пабудаваць калонію на іншай планеце.

Эксперт кажа, што Маск марыць яшчэ адправіць людзей на Юпітэр, каб убачыць самую вялікую планету Сонечнай сістэмы зблізку.


А што нам ад гэтага цяпер?

Хубэрт Кіек калісьці задаў тое ж пытанне аднаму з інжынераў NASA, і вось што той адказаў.

“Касмічныя падарожжы — гэта не толькі адпраўка людзей на арбіту, будаўніцтва касмічных караблёў, якія дазваляюць даследаваць далёкія куткі Сусвету, і адпраўка турыстаў, якія могуць убачыць прыгажосць нашай планеты. Галоўная мэта інжынераў NASA і іншых касмічных агенцтваў — ствараць інавацыі, тэхналогіі і інструменты, якія пазней будуць распаўсюджвацца тут, на Зямлі, і палягчаць наша жыццё. У нас ёсць Міжнародная касмічная станцыя, незвычайная лабараторыя з нулявой гравітацыяй. Там ствараюцца рэчы, на работу над якімі на Зямлі спатрэбіліся б дзесяцігоддзі, а там — некалькі гадоў”

“Маск адкрывае космас усім” — што крыецца за поспехам Starship
Зямля / NASA / Unsplash

“Дапусцім, на цяперашні момант космас “належыць” асобным касмічным агенцтвам. Мільярдэры пачынаюць адыгрываць большую ролю, але па-ранейшаму спадзяюцца на грошы, якія паступаюць ад асобных урадаў”.

Паводле Кіека, без NASA, якое пералічвае Маску мільярды долараў у рамках выйграных ім кантрактаў, мы б не змаглі ўбачыць поспеху, які бачылі апошнімі днямі. Пакуль NASA залежыць ад Ілана Маска.

Троху гісторыі. У 2011 годзе ЗША завяршыла праграму шатлаў: тады апошні паляцеў у космас і вярнуўся на Зямлю. З гэтага часу амерыканцы залежалі ад рускіх — з іх дапамогай выходзілі на арбіту.

“У 2014 годзе, як мы ўсе ведаем, Расія напала на Украіну, і Вашынгтон увёў першыя санкцыі, у тым ліку супраць касмічнага сектара. І тады Вашынгтон пачаў працаваць над аднаўленнем свайго касмічнага патэнцыялу для адпраўкі людзей на арбіту”, — працягвае Кіек.

Потым з'явіўся Маск са сваімі ракетамі Falcon 9, і дзякуючы яму з 2020 года амерыканцы зноў адпраўляюць людзей на арбіту з Зямлі. NASA як дзяржаўнае агенцтва, якому грошы вылучае Кангрэс з падаткаў амерыканскіх грамадзян, выкарыстоўвае бізнесмена, бо не можа дазволіць сабе пабудаваць ракету і выпрабаваць яе шмат разоў. 

“Вось як гэта выглядае ў космасе: пакуль мільярдэры не будуць пераскокваць урады асобных краін, але, скажам, у наступным дзесяцігоддзі гэта можа змяніцца”, — падсумоўвае Хубэрт Кіек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі