Уплывовая брытанская газета Guardian сыходзіць з Х
Ілан Маск і Дональд Трамп
Знакамітая брытанская газета The Guardian абвясціла, што больш не будзе публікаваць кантэнт у сваіх акаўнтах на платформе Ілана Маска X (былы "Твітар").
У сваёй заяве для чытачоў выданне піша, што перавагаў выкарыстання платформы стала менш, чым яе недахопаў.
"Мы хацелі б паведаміць чытачам, што мы больш не будзем публікаваць матэрыялы ні ў якіх афіцыйных рэдакцыйных акаўнтах Guardian у сацыяльнай сетцы X", — гаворыцца ў паведамленні.
У The Guardian больш за 80 акаўнтаў на X, і ў іх прыкладна 27 мільёнаў падпісчыкаў.
Кантэнт, які размяшчаецца на платформе, даўно выклікаў асцярогі ў калектыву The Guardian. Сярод гэтага кантэнту — вельмі правыя тэорыі змовы і расізм. Таму медыя ўжо нейкі час разглядала магчымасць закрыць свае акаўнты ў Х. Вырашальным для калектыву стала "асвятленне сайтам прэзідэнцкіх выбараў у ЗША", гаворыцца ў заяве.
"Перадвыбарная кампанія ў ЗША толькі падкрэсліла тое, пра што мы доўгі час казалі: X — гэта таксічная медыяплатформа, і яе ўладальнік Ілан Маск змог выкарыстоўваць свой уплыў для фармавання палітычнага дыскурсу", — піша выданне.
Маск купіў платформу ў 2022 годзе за 44 млрд долараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.