Беларусы пачалі пераводзіць свае грошы з кіпрскіх банкаў у латвійскія
Хай сабе і невялікія. Эксперты лічаць, што з увядзеннем еўра Латвія можа стаць другім Кіпрам.
З 2014 года Латвія ўводзіць еўра. Такое рашэнне двухмільённай краіны можа падацца нелагічным, калі паглядзець на рэцэсію, якая цяпер адбываецца ў еўразоне. Але новая валюта дасць прыбалтыйскай краіне шмат бонусаў, сцвярджае на старонках "The National Interest” Эндру Боўэн. Толькі ёсць і негатыўны момант.
Эндру Боўэн: “Краіна будзе выкарыстоўвацца ў якасці адпраўной кропкі для незаконных расійскіх грошай, каб увайсці ў ЕС”.
Разам з увядзеннем еўра Латвія змяняе і падатковае заканадаўства. Якое, як сцвярджае нямецкае выданне Der Spiegel, зробіць краіну новым падатковым раем і дазволіць канкураваць з Кіпрам і Мальтай. Некаторыя эксперты лічаць, што цягам трох гадоў з Кіпра ў Латвію можа пераехаць 10% капіталу. Актыўна пераводзіць грошы пачалі ўжо цяпер, прычым не толькі расіяне, кажа Таццяна Луцінска з фірмы Prime Consulting:
“Мы атрымліваем сотні запытаў з Расіі, Беларусі, Казахстана і Украіны. Шмат хто хоча перамясціць свае грошы з Кіпра ў Латвію. Мы цяпер выглядаем лепш за Кіпр”.
Асабліва прывабнымі латвійскія банкі выглядаюць для жыхароў СНД, якія хочуць легалізаваць свае грошы ў Еўропе ў святле ўзмацнення кантролю за ценявымі схемамі ў Швейцарыі і Люксембургу. Можа таму Маркус Мэйнцэр, аналітык Tax Justice Network, назваў Латвію “Люксембургам для бедных”.
Што цікава, гаварыць пра вялікія беларускія грошы ў кіпрскіх альбо латвійскіх банках не выпадае, мяркуе беларускі эканаміст Леанід Заіка.
Леанід Заіка: “Шчыра кажучы, тут нават не трэба ставіць знак роўнасці. Калі ўкраінцы хавалі і адмывалі грошы на Кіпры — беларусы даволі жорстка кантралююцца фінансавай паліцыяй. Усе трансферы і ўклады беларусаў невялікія, заробкі невялікія, капітала як такога ў нас няма”.
Вяртаючыся да Латвіі, вялікая доля дэпазітаў у мясцовых банках ад нерэзідэнтаў краіны (49% у 2012 годзе) выклікае заклапочанасць. Еўрапейскі цэнтральны банк і Еўракамісія зрабілі барацьбу з фінансавымі злачынствамі ледзь не сваім галоўным прыярытэтам. Праўда, у тэорыі. На практыцы ж усё выглядае інакш, кажа фінансавы эксперт Партыі зялёных у Еўрапарламенце Свен Гегольд.
Свен Гегольд: “Замест ліквідацыі існуючых падатковых сховішчаў, мы дадалі ў еўразону яшчэ адно”.
Варта адзначыць, што на дадзены момант стаўка карпаратыўнага падатку ў Латвіі складае 15%, у той час як сярэдняя па ЕС — 23,5%. У еўразоне гэты паказчык меншы толькі ў Ірландыі і на Кіпры — 12,5%. Але, як піша Der Spiegel, банкаўскія сістэмы гэтых дзвюх краін абваліліся, і яны былі вымушаны прасіць фінансавай падтрымкі ў ЕС.
Фота: orangesmile.com