Беларусы пакуль не змогуць памяняць "выбуховы" Galaxy Notе 7 на іншы смартфон

Беларусы пакуль не змогуць памяняць "выбуховы" Galaxy Notе 7 на іншы смартфон

Кампанія Samsung зняла з продажу смартфоны мадэлі Galaxy Notе 7. Яны некаль разоў выбухнулі ў руках карыстальнікаў, таму спачатку Samsung адклікаў партыю Galaxy Notе 7 і прапанаваў сваім адэптам такія ж смартфоны з быццам бы выпраўленай хібай. Але калі на афіцыйным сайце кампаніі сталі пацвярджацца выпадкі ўзгарання нават ва ўжо замененых тэлефонах, стала ясна: усе спробы Samsung па апгрэйду мадэлі, каб зрабіць яе бяспечнай, аказаліся марнымі.

“У знак удзячнасці за цярпенне і лаяльнасць” Samsung прапанаваў усім уладальнікам Galaxy Note 7, якія жадаюць абмяняць гаджэт на іншыя мадэлі смартфонаў ці ўжо абмянялі, грашовую кампенсацыю. Для кожнай краіны яна розная: у ЗША, напрыклад, гэта 100 долараў. Якой яна будзе для Беларусі і ці будзе ўвогуле пакуль невядома. І запытацца асабліва няма ў каго: на Беларусь і Расію ў Samsung адно прадстаўніцтва — у Маскве.

“На жаль, пакуль ніякай падрабязнай інфармацыі няма, — распавядаюць Еўрарадыё ў службе падтрымкі расійскага прадстаўніцтва кампаніі. — Samsung раіць усім уладальнікам гэтай мадэлі выключыць тэлефон і пакуль ім не карыстацца. Пра далейшыя дзеянні кампанія паведаміць пазней”.

Пакуль што Samsung плануе расследаваць усе пацверджаныя выпадкі ўзгарання разам з амерыканскай Камісіяй па спажывецкай бяспецы. Паколькі ў Беларусі знаходзіцца прадстаўніцтва менавіта расійскага офісу Samsung, дык і за навінамі трэба будзе сачыць на расійскім сайце кампаніі. Інфармацыя з’явіцца ў раздзеле Падтрымка/Галоўная (www.samsung.com/ru/support/). 

Мадэль Galaxy Notе 7 з’явіліся ў жніўні 2016 года. Праз некалькі тыдняў уладальнікі гэтых смартфонаў пачалі заяўляць, што прылады выбухалі ці самаўзгараліся. Кампанія пачыла мяняць Galaxy Notе 7 на адноўленыя, назваўшы прычынай ўзгарання памылку падчас вытворчасці акумулятараў. У кастрычніку продажы Galaxy Notе 7 аднавіліся, але праблема ўзгарання не знікла.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі