Беларусы ў сакавіку пераходзілі на наяўныя рублі

Наяўная грашовая маса ў Беларусі ў сакавіку прыкметна павялічылася / Фота з сацсетак
Наяўная грашовая маса ў Беларусі ў сакавіку прыкметна павялічылася / Фота з сацсетак

Беларусы пераходзяць на кэш, лічаць журналісты выдання banki24.by. Яны заўважылі, што "па выніках сакавіка сярэднія рэшткі наяўных грошай у абароце дасягнулі рэкордных 5,447 млрд рублёў". Рост у параўнанні з лютым склаў рэкордную велічыню — 633,6 млн рублёў. Для параўнання: год таму, у сакавіку 2021 года, прырост кэшу за месяц склаў 74,4 млн рублёў, а ў сакавіку 2020-га прыросту наогул не было, а было скарачэнне на 13,5 млн рублёў.

Аўтар артыкула мяркуе, што сысці ў кэш беларусаў прымусілі фінансавыя наступствы вайны ва Украіне: карэкціроўка курсаў рубля, ажыятажны попыт на тавары працяглага карыстання і масавы продаж наяўнай валюты. У сакавіку беларусы прадалі на 368,8 млн даляраў больш наяўнай валюты, чым купілі. Быў пабіты рэкорд 2016 года.

Скараціліся ўклады — і рублёвыя, і валютныя. Рублёвыя — нязначна (на 31,4 млн рублёў), валютныя — істотна (на 547,1 млн даляраў).

За год (сакавік да сакавіка) наяўная грашовая маса павялічылася на 27,8%. Для параўнання, у лютым прырост склаў +14,9%, у студзені — +14,4%. Затое дэпазіты ў валюце скараціліся да ўзроўню сакавіка 2021 года на 8%.

І яшчэ адзін цікавы факт ад журналістаў выдання. Больш за ўсё валюты беларусы трымалі на рахунках у банках у кастрычніку 2015 года. З тых часоў аб'ём валютных укладаў скараціўся на 4,051 млрд даляраў — гэта значыць, з тых часоў беларусы забралі з банкаў больш за палову сваіх валютных укладаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі