"Белавія" спрабавала купіць новыя самалёты, але не атрымалася

"Белавія"

"Белавія" / Еўрарадыё

"Белавія" спрабавала, але не змагла купіць заходнія самалёты, нават пакарыстаныя — перашкаджаюць санкцыі. Пра гэта піша "Белпол" са спасылкай на афіцыйныя дакументы.

Гендырэктар "Белавія" Ігар Чаргінец днямі заявіў, што кампанія нягледзячы на санкцыі не мае праблем з запаснымі часткамі і можа гарантаваць бяспеку палётаў.

Згодна з дакументамі, якія здабыў "Белпол", апошнія самалёты "Белавія" закупіла ў лізінг у 2020 годзе. Цяпер запыты на закупку самалётаў Boeing, Airbus і Embraer ці ігнаруюцца, ці за іх патрабуюць 100% перадаплаты. А як вынікае з дакументаў, такіх грошай у авіякампаніі няма.

"Белавія" накіравала лізінгавым кампаніям больш за 70 запытаў, але атрымала адмовы. Кампанія звярталася таксама да ўладальнікаў пакарыстаных самалётаў у Таджыкістане, Кыргызстане, Кітаі, ААЭ, Турцыі, Сінгапуры, Узбекістане і Манголіі. Але і тыя адмовіліся.

Затое супрацу ў гэтай ў сферы прапанаваў Кітай. Праўда, тут ад прапановы адмовілася сама "Белавія". Прычынай стаў высокі кошт і наяўнасць заходніх камплектуючых у самалётах, што паграждае праблемамі з тэхнічным абслугоўваннем.

Вядзе "Белавія" перамовы і з Расіяй, але расійскія авіялайнеры яшчэ толькі плануюцца да серыйнай вытворчасці. Іх пастаўкі могуць адбыцца на раней за 2027 год — і пры ўмове падпісання кантракту ўжо цяпер. Беларускі бок лічыць цэны завышанымі, таму не спяшаецца падпісваць кантракты. Калі б не санкцыі, то "Белавія" магла б заплаціць удвая менш за заходнія аналагі МС-21-310 карпарацыі "Якаўлеў" ці Sukhoi Superjet 100.

Ад набыцця расійскіх самалётаў беларускую авіякампанію спыняе і нежаданне расійскіх лізінгавых кампаній працаваць з ёй. Таксама варта згадаць і неадпаведнасць расійскіх самалётаў заяўленым лётна-тэхнічным характарыстыкам. Яны непрыдатныя для палётаў у Індыю, Кітай, ААЭ і Егіпет, бо замена імпартных рухавікоў на расійскія зрабіла самалёты цяжэйшымі і адначасова знізіла фактычную дальнасць і вышыню палёту. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі